Моладзевыя лідэры: Праблема палітвязняў павінна стаць асноўнай
- 20.09.2012, 15:21
«Малады фронт» і «Маладыя хрысціянскія дэмакраты» пачалі новы этап барацьбы за вызваленне палітвязняў.
Міжнародная арганізацыя «Малады фронт» (Чэхія) і моладзевая структура аргкамітэта па стварэнню партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» - «Маладыя хрысціянскія дэмакраты» (МХД) пачынаюць новую кампанію па вызваленні беларускіх палітвязняў.
Пра гэта 20 верасня на прэс-канферэнцыі заявілі лідэр МХД Марына Хоміч і намеснік старшыні «Маладога фронту» Мікалай Дземідзенка, піша БелаПАН.
Мікалай Дземідзенка адзначыў, што вызваленне палітычных зняволеных для гэтых моладзевых арганізацый застаецца асноўнай задачай. «Яны знаходзяцца ў вельмі няпростых умовах, і свабода людзей - гэта першаснае патрабаванне, якое ёсць у нас, і таму ўсе свае намаганні, усю сваю работу мы будзем цяпер накіроўваць на тое, каб падняць тэму палітвязняў у грамадстве», - заявіў Дземідзенка.
«Цяпер, за перадвыбарчымі дэбатамі, пра палітвязняў як бы забыліся. Мы будзем працягваць казаць, што палітвязні ў нас ёсць, і іх шмат», - сказаў Дземідзенка.
Як паведаміла Марына Хоміч, кампанія стартуе ўжо сёння. «Пасля 23 верасня схлыне хваля абмеркаванняў, трэба ці не трэба было апазыцыі ўдзельнічаць у «выбарах» або іх байкатаваць. Праблема палітвязняў зноў павінна стаць асноўнай», - лічыць Хоміч.
Паводле яе слоў, кампанія будзе накіравана на тое, каб «кожны грамадзянін заявіў, што ён выступае за вызваленне палітвязняў».
Як паведаміла Хоміч, у межах кампаніі плануецца збор подпісаў за вызваленне палітвязняў. «Прычым мы патрабуем не толькі вызвалення палітвязняў, але і поўнай рэабілітацыі тых, хто быў асуджаны па палітычных матывах», - адзначыла Хоміч.