Сацыяльныя сеткі: «23 верасня пасядзіце на канапе»
- 21.09.2012, 10:24
Моладзь не збіраецца ўдзельнічаць у «выбарах».
У сацыяльных сетках цалкам аднавіліся супольнасці «Надакучыў нам гэты Лукашэнка», «Толькі ШОС» і іншыя, якія заклікаюць да байкоту «выбараў у палатку». Як яны будуць працаваць у апошнія дні датэрміновага галасавання і 23 верасня, у дзень «выбараў»?
У канцы жніўня падчас налёту спецслужбаў на адміністратараў апазіцыйных груп «Укантакце» былі знішчаны самі групы, а адміністратараў арыштавалі на суткі. Двое з іх, Сяргей Бяспалаў і Алег Шрамук, вымушаныя былі з'ехаць за мяжу. Цяпер супольнасці «Надакучыў нам гэты Лукашэнка» і «Толькі ШОС» цалкам адноўлены. Да таго ж у іх павялічыўся наплыў наведвальнікаў, распавёў адзін з адміністратараў Максім Чарняўскі, які зараз у Польшчы, перадае «Радыё Свабода».
«Толькі ШОС» мы аднавілі ўчора. Была невялікая затрымка з-за таго, што ў стваральніка гэтай супольнасці канфіскавалі ўсю тэхніку, абрэзалі інтэрнэт-кабелі, і ён не мог аднавіць гэтую групу. Але цяпер яна працуе. Таксама адноўлена супольнасць «Свабода слова Рэспублікі Беларусь» і яшчэ некалькі. Гэта значыць ніякіх негатыўных наступстваў у выніку не засталося», - распавёў Максім Чарняўскі.
У групах размешчаны заклікі байкатаваць «выбары»: «Байкот - гэта адмова ад супрацоўніцтва са злачынным рэжымам», «Няма сэнсу галасаваць - ваш голас украдуць». Групы не просяць прыходзіць на плошчу, вывешваць сцягі і нават пляскаць у далоні. «У гэты дзень пасядзіце на канапе, пачытайце кнігу, з'ездзіце на адпачынак - галоўнае, каб вы не прыходзілі на выбарчыя ўчасткі. Голас выкрасці лёгка, а сфальсіфікаваць яўку - немагчыма», - гаворыцца на старонцы супольнасці «Надакучыў нам гэты Лукашэнка». Максім Чарняўскі сказаў, што ў дні, якія засталіся да 23 верасня, удзельнікі групы далучыліся да назірання і выкрываюць парушэнні, асабліва гэта тычыцца загону студэнтаў на датэрміновае галасаванне.
«Увесь час мы падтрымліваем кампанію байкоту. Мы развесілі вельмі шмат банэраў у сацыяльнай сетцы, ва ўсіх буйных супольнасцях вісяць плакаты «Байкот «выбараў». Не прымайце ўдзел у фарсе». Мы ахопліваем вялікую колькасць маладых людзей, у першую чаргу студэнтаў. У нас зараз 39 тысяч чалавек у групе «Надакучыў нам гэты Лукашэнка». І яшчэ ад 15 да 40 тысяч у іншых супольнасцях. Гледзячы на каментары, мы бачым, што большасць падтрымлівае байкот. Яны разумеюць, для чаго гэта, што не трэба ніяк супрацоўнічаць з гэтым рэжымам», - адзначыў Максім Чарняўскі.
Супольнасць «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» падключылася да моладзевай кампаніі «Ігнор» і будзе агітаваць за няўдзел у «выбарах», распавёў каардынатар Вячаслаў Дзіянаў.
«Вулічныя акцыі не плануюцца. Лепш захаваць свае сілы, не «засвяціць людзей», а дачакацца таго моманту, калі можна найбольш эфектыўна атакаваць рэжым Лукашэнкі. Калі пачалі агітацыю за збор грыбоў у дзень «выбараў», то навошта праводзіць нейкую іншую акцыю? Але крэатыўныя карцінкі, прыколы на тэму байкоту «выбараў» у нашай групе будуць з'яўляцца. Моладзь у асноўным не хоча ўдзельнічаць у гэтых «выбарах». Таму кампанія называецца «Ігнор», - сказаў Вячаслаў Дзіянаў.