Член камісіі ляпіў мядзведзяў з пластыліну для пячацей
- 23.09.2012, 16:13
Пра гэта charter97.org распавёў назіральнік на 121 участку 94 акругі ў Менску.
«Сёння да 15 гадзін на ўчастку прагаласавала каля 250 чалавек, аднак нам да гэтага часу адмаўляюцца паведаміць агульную колькасць выбаршчыкаў на ўчастку. Гэтую інфармацыю не далі і назіральнікам ад АБСЕ. Адзінае, што мы ведаем, - гэта тое, што на ўчастак завезена 2000 бюлетэняў», - распавёў Алег Ладуцька.
У датэрміновым галасаванні прынялі ўдзел 350 чалавек. Назіральнікі зафіксавалі факты, якія пацвярджаюць прымушэнне да галасавання з боку ўлад.
«Простае параўнанне двух пратаколаў датэрміновага галасавання паказвае розніцу ў колькасці тых, хто прагаласаваў у суседніх дамах у 5 разоў. А прычына была ў тым, што дом з'яўляецца інтэрнатам Менскага станкабудаўнічага завода. Відавочна мае месца прымушэнне да галасавання датэрмінова.
Аб фактах прымушэння да датэрміновага галасавання таксама нам расказалі настаўнікі гімназіі №1, якая знаходзіцца на тэрыторыі акругі », - кажа Алег Ладуцька.
Назіральнік таксама распавёў і пра тое, чым займаюцца члены камісіі сёння. Напрыклад, адна з іх ляпіла з пластыліну для апячатвання скрыняў фігуркі мядзведзяў, чэбурашак, самалёцікаў і падводных лодак.