Брэсцкія дэмакраты: Байкот ўлады - наш маральны абавязак
- 23.09.2012, 16:49
Брэсцкая дэмакратычныя кааліцыя «Спадчына» правяла прэс-канферэнцыю з нагоды «парламенцкіх выбараў».
На прэс-канферэнцыі дэмакраты распаўсюдзілі наступную заяву:
«Сёння, 23 верасня 2012, завяршаецца этап чарговай імітацыі выбарчага працэсу ў Беларусі пад назвай «парламенцкія выбары». Яны былі арганізаваны і праведзены групай асоб, якія ўтрымліваюць уладу пасля Канстытуцыйнага перавароту ў 1996 годзе.
Дзяржаўная ўлада, яе заканадаўчыя, выканаўчыя і судовыя органы падпарадкаваны ў Беларусі аднаму чалавеку. Усе органы ўлады ў Беларусі з'яўляюцца марыянеткавымі, а суб'екты-выканаўцамі яго волі.
Інстытут свабоднага волевыяўлення народа, які з'яўляецца адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, знішчаны. Улада ў Беларусі ўтрымліваецца сілай, запалохваннем і фальсіфікацыямі.
«Выбары», якія праводзяцца пад кантролем нелегітымнай улады, - нелегітымныя, і хто б не быў «абраны», ён не мае права прадстаўляць народ Рэспублікі Беларусь.
БДК «Спадчына» заяўляе, што не прызнае вынікаў «выбараў», якімі б яны не былі. Мы заклікаем міжнародных назіральнікаў, ўрады і арганізацыі гэтак жа адмовіцца ад прызнання вынікаў галасавання і супрацоўніцтва з інстытутамі нелегітымнай улады ўсіх узроўняў.
Членам і старшыням выбарчых камісій усіх узроўняў мы рэкамендуем выкарыстоўваць апошні шанец пазбегнуць крымінальнай адказнасці за злачынствы, тэрміну даўнасці па якіх не існуе. Прапануем публікаваць сведкавыя паказанні, адпраўляць копіі дакументаў на незалежныя сайты і перадаваць незалежным журналістам. У будучыні гэта дапаможа вам рэабілітавацца перад беларускім народам.
Выхад з палітычнага крызісу адзін: сумленныя адкрытыя выбары. Без Лукашэнкі і ягонага апарата.
Байкот улады ва ўмовах дыктатуры і дэспатыі - не толькі наша права, але і маральны абавязак!»