BE RU EN

Памёр былы міністр абароны Расеі Павел Грачоў

  • 23.09.2012, 17:39

Былы міністр абароны Расеі Павел Грачоў памёр на 65-м годзе жыцця.

Пра гэта паведамляе lenta.ru са спасылкай на прадстаўніка ваеннага шпіталя імя Вішнеўскага. Палітык памёр 23 верасня каля 15:00 па маскоўскім часе.

Афіцыйных дадзеных аб прычынах смерці Грачова пакуль няма. Вядома, што генерал быў шпіталізаваны 12 верасня ў рэанімацыю шпіталя імя Вішнеўскага. Паводле звестак партала LifeNews, тады ў Грачова дыягнаставалі інсульт.

Павел Грачоў займаў пасаду міністра абароны Расеі ў 1992-1996 гадах ва ўрадзе Віктара Чарнамырдзіна. Ён быў адным з удзельнікаў Жнівеньскага путчу, на баку ГКЧП камандаваў паветрана-дэсантнымі войскамі, але падчас путчу разам з групай іншых ваенных, у ліку якіх былі генералы Барыс Громаў і Уладзіслаў Ачалаў, перайшоў на бок Барыса Ельцына.

Пасаду міністра абароны Расеі Грачоў заняў 18 траўня 1992 года, незадоўга да гэтага яму - першаму ў Расеі - было прысвоена званне генерала арміі. Пры Грачове Расея вяла Першую чачэнскую вайну (1994-96 гады), пасля паражэння ў якой міністра пачалі крытыкаваць і пасля, у чэрвені 1996 года, адправілі ў адстаўку.

Пасля сыходу з пасады міністра Грачоў працаваў на кіруючых пасадах спачатку ў «Расузбраенні», затым - у «Расабаронэкспарце». З 2007 года Грачоў быў дарадцай гендырэктара омскага вытворчага аб'яднання «Радыёзавода імя Папова».

Апошнія навіны