ЕЗ гатовы паўтараць беларускія памылкі ва Украіне?
- 26.09.2012, 9:56
Еўрапейцы могуць прыняць дыктатуру Януковіча ў абмен на адмову ад сувязяў з Расеяй.
Аб гэтым піша журналіст Віталь Портнікаў на сайце UaInfo.
Сустрэча еўрапейскага камісара па пытаннях пашырэння і палітыкі суседства Штэфана Фюле з першым віцэ-украінскім прэм'ерам Валерыем Харашкоўскім у чарговы раз прадэманстравала, што Брусель працягвае размаўляць з Кіевам у форме маналогу. Фюле кажа аб парламенцкіх выбарах, рашэнні наступстваў выбарчага правасуддзя і далейшых кроках па рэфармаванні судовай сістэмы.
Украінскае кіраўніцтва робіць усё магчымае, каб выбары былі выкрадзеныя ў выбаршчыка яшчэ на стадыі іх падрыхтоўкі, не збіраецца вызваляць Юлію Цімашэнка і Юрыя Луцэнку і занялося такім «рэфармаваннем» працэдуры абрання ў Вышэйшы савет юстыцыі, якое канчаткова забяспечыць выканаўчай уладзе кантроль над сістэмай правасуддзя. Навошта ж тады ўсе гэтыя размовы?
Можна, вядома, выказаць здагадку, што еўрапейскія чыноўнікі хочуць прайсці сваю частку шляху да канца, прадэманстраваўшы, што яны размаўлялі з украінскімі кіраўнікамі, умаўлялі іх, абяцалі паразуменне - а тыя не прыслухаліся. З апаратнага пункту гледжання гэта сапраўды важна, калі ўлічыць, што сярод прадстаўнікоў еўрапейскай эліты ёсць нямала палітыкаў, перакананых, што палітычная будучыня Украіны не мае ніякага значэння - абы краіна не вырашыла «вярнуцца» да Расеі.
Гэтыя палітыкі былі гатовыя пайсці на любыя кампрамісы з Аляксандрам Лукашэнкам, калі ён гуляў з імі, як з дурнымі кацянятамі, дэманструючы гатоўнасць дамовіцца з ЕЗ і разарваць з Масквой. І яны прымуць украінскую дыктатуру - абы толькі прадстаўнікі ўлад у Кіеве заяўлялі, што ніколі не далучацца да Мытнага саюзу. Менавіта для таго, каб аслабіць пазіцыі людзей, якія ўсё ў гэтым жыцці мераюць не каштоўнасцямі, а гістарычным страхам перад Масквой, і патрэбны сёння еўрапейскім чыноўнікам дыялог з Кіевам.
Але гэта яшчэ не ўсё падрабязнасці дыялогу. Мы ведаем, што Фюле сказаў Харашкоўскаму, але ніколі не даведаемся, што Харашкоўскі сказаў Фюле. Еўрапейскія палітыкі ў прыватных размовах заўсёды сцвярджаюць, што ўкраінскія суразмоўцы - за выключэннем, зразумела, прэзідэнта - выдатна іх разумеюць, вось толькі заўсёды тлумачаць, што не могуць «дастукацца» да прэзідэнта.
Курс на пабудову аўтарытарнай карумпаванай дзяржавы - гэта агульны курс дзеючай улады і ў ёй няма практычна нікога (за выключэннем, можа быць, парачкі слабадушных спадарожнiкаў, якія ратуюць свой бізнес), хто думаў бы інакш. І галоўная мэта апраўданняў - гэта не патрапіць у спісы «неўяздных», калі гэтыя спісы будуць прымацца.
Але еўрапейскія палітыкі выслухоўваюць апраўданні сваіх суразмоўцаў з прыцэлам на будучыню, як бы даючы паплечнікам Януковіча шанец пабудаваць лепшую і гатовую да дыялогу з ЕЗ Украіну без яго. Разуменне, што без Януковіча ўсе гэтыя людзі - усяго толькі жменька неабіраных і невуцкіх лабістаў сваіх капіталаў, у Брусэлі пакуль што адсутнічае.