ПА АБСЕ вітае вызваленне Каваленкі
- 27.09.2012, 16:24
Парламенцкая Асамблея АБСЕ таксама выказвае заклапочанасць з нагоды астатніх палітвязняў.
Пра гэта гаворыцца ў заяве Матэа Мекачы, старшыні камісіі ПА АБСЕ па дэмакратыі, правах чалавека і гуманітарных пытаннях, які кіраваў кароткатэрміновай місіяй назіральнікаў АБСЕ на «парламенцкіх выбарах» у Беларусі (пераклад - charter97.org).
«Мы вітаем навіну аб вызваленні Сяргея Каваленкі, але застаемся вельмі занепакоеныя лёсам іншых вязняў, якія знаходзяцца ў турмах па суровых прысудах. Іх стан выклікае сур'ёзную заклапочанасць», - сказаў ён.
Таксама ў заяве адзначаецца тое, што прадстаўніку Святога Прастола ў Беларусі дазволілі наведванне некалькіх палітычных зняволеных на гэтым тыдні. Гэта адбылося ўпершыню пасля масавых арыштаў у канцы 2010 года. Папярэднія просьбы аб наведванні палітычных зняволеных, зробленыя ПА АБСЕ і дыпламатычнай супольнасцю ў Беларусі не былі задаволеныя.
«Мы спадзяемся, што гэта сведчыць аб некаторым прагрэсе», - сказаў Мекачы. - Мы спадзяемся, што вызваленне зняволенага і дазвол іншым палітычным вязням сустракацца з прадстаўнікамі міжнароднай супольнасці будзе распаўсюджвацца на тых, хто застаецца за кратамі па палітычна матываваных абвінавачваннях».