Кэтрын Эштан шкадуе
- 27.09.2012, 17:52
Вярхоўны прадстаўнік Еўразвяза па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан вітае вызваленне Сяргея Каваленкі.
Пры гэтым яна шкадуе, што яму давялося прасіць Лукашэнку аб памілаванні, каб гэта адбылося, паведаміла БелаПАН прэс-сакратар Кэтрын Эштан Мая Качыянчыч.
Еўракамісар спадзяецца на далейшыя крокі беларускіх улад, заклікаючы Менск «вызваліць усіх палітвязняў і зняць з іх усе абмежаванні ў грамадзянскіх і палітычных правах».
Качыянчыч таксама паведаміла, што на маючым адбыцца ў кастрычніку пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў ЕЗ (яно запланавана на 15 кастрычніка) будзе разглядацца пытанне па Беларусі. «Дэталі абмеркавання яшчэ прапрацоўваюцца», - дадала прэс-сакратар.
Віцебскі актывіст Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Сяргей Каваленка знаходзіўся пад вартай са снежня 2011 года па абвінавачванні ва ўхіленні ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі. Гэтае пакаранне было вынесена яму ў траўні 2010 года за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай навагодняй ёлцы Віцебска. Адразу пасля затрымання Каваленка абвясціў галадоўку пратэсту, якая доўжылася каля двух месяцаў з невялікімі перапынкамі. У лютым гэтага года Каваленку асудзілі на два гады і адзін месяц пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму.