Калякіна выклікаюць у Генпракуратуру
- 6.09.2012, 10:48
Нацыянальны каардынатар кампаніі «За справядлівыя выбары» Сяргей Калякін выкліканы ў Генеральную пракуратуру Беларусі.
Пра гэта палітык паведаміў карэспандэнту сайта «Товарищ.online».
Па словах Сяргей Калякіна, яму сёння патэлефанаваў супрацоўнік гэтага нагляднага органа Павел Елісееў і запрасіў заўтра, 7 верасня, у 10 раніцы з'явіцца ў Генеральную пракуратуру для дачы тлумачэнняў.
«Мне было сказана, што Генеральную пракуратуру цікавіць менавіта дзейнасць кампаніі «За справядлівыя выбары», а не Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», - сказаў Сяргей Калякін. - У нагляднага органа паўсталі нейкія пытанні па законнасці дзейнасці кампаніі».
Палітык упэўнены, што за ўвесь час працы кампанія дзейнічала «строга ў рамках нацыянальнага заканадаўства Беларусі», а таму «нам баяцца няма чаго - мы чыстыя перад законам».
У апошні час улады надаюць вельмі пільную ўвагу кампаніі.
Нагадаем, у ноч з 4 на 5 верасня «увагу» на сабе адчуў іншы нацыянальны каардынатар Віктар Карняенка. Нагадаем, ён вяртаўся з Вільні, дзе знаходзіўся па справах. На памежным пераходзе «Каменны Лог» да яго машыны падышлі людзі ў форме і з «зялёнага» перанакіравалі на «чырвоны» калідор. Далей забралі ключы ад машыны і загадалі чакаць. Пасля гэтага машыну адагналі ў бокс для больш дэталёвага дагляду. Акрамя гэтага, і сам Віктар Карняенка падвергнуўся асабістаму нагляду. Не знайшоўшы нічога забароненага, яго адпусцілі.