Янукевіча не пусцілі на ТБ
- 6.09.2012, 11:31
У эфір Віцебскага абласнога тэлебачання не пусцілі запіс тэледэбатаў з удзелам старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча.
Аляксей Янукевіч з'яўляецца даверанай асобай кандыдата ў дэпутаты ад Партыі БНФ Аляксандра Кузняцова, таму ўдзельнічаў у запісе дэбатаў па Віцебскай-Горкаўскай выбарчай акрузе № 17, паведамляе прэс-служба БНФ.
Як Аляксандру Кузняцову растлумачылі ў акруговай камісіі, учора ў 17:00 паступіла тэлефанаграма з Цэнтральнай камісіі аб тым, што з прычыны ўдзелу Аляксея Янукевіча у дэбатах, запіс не можа быць запушчаны ў эфір тэлекампаніі, так як Янукевіч з'яўляецца кандыдатам у дэпутаты па Аўтазаводскай выбарчай акрузе № 92 па г. Менску.
- Гэты прыкры выпадак - чарговае яскравае сведчанне таго, што закон, у дадзеным выпадку Выбарчы кодэкс, не працуе. Улады мяняюць правілы проста ў працэсе кампаніі. Учора, калі я прыехаў у Віцебск і прыняў удзел у дэбатах, гэта лічылася цалкам законным. Раптам на наступны дзень правілы былі змененыя і дэбаты ў эфір не патрапілі. Я перакананы, уладам не падабаюцца тыя ацэнкі сітуацыі, якія прагучалі ў маёй прамове і тыя пытанні, якія абмяркоўваліся. Усё гэта дэманструе адсутнасць моцных аргументаў у праўладных кандыдатаў ды і ва ўсёй ідэалагічнай вертыкалі ў падтрымку гэтага знешнепалітычнага і эканамічнага курсу краіны, - заявіў Аляксей Янукевіч.
Запіс тэледэбатаў на Віцебшчыне адбываўся 4 верасня, яшчэ да прыняцця Цэнтральнай камісіяй адпаведнай пастановы.