Міністр адукацыі: Гісторыя і грамадазнаўства - адно і тое ж
- 6.09.2012, 12:03
Міністр адукацыі Сяргей Маскевіч заявіў, што незадаволены вынікамі школьнікаў на ЦТ, і падтрымаў ідэю аб адмове ад некаторых цэнтралізаваных тэстаў.
«Цяперашнія вынікі ЦТ мяне не задавальняюць, перш за ўсё па фізіцы, матэматыцы. Асноўная маса дзяцей, якія прэтэндуюць на атрыманне вышэйшай адукацыі, неадэкватна ацэньвае свой узровень ведаў», - заявіў Маскевіч у інтэрв'ю БТ.
Таксама міністр пракаментаваў прапанову спікера верхняй «палаты» «парламента» Анатоля Рубінава скараціць колькасць дысцыплін, па якіх здаюцца тэсты падчас паступлення ў ВНУ. «Я лічу, што неабходна паменшыць колькасць прадметаў на цэнтралізаваным тэставанні, згрупаваць спецыяльнасці па напрамках, каб іх больш уніфікаваць», - сказаў ён.
Маскевіч прывёў прыклад гісторыі (не ўдакладняючы, сусветную або гісторыю Беларусі ён мае на ўвазе), якая «па сутнасці тая ж спецыяльнасць, што і грамадазнаўства». «Пытанні дублююцца, а здаюць як два прадмета, - абурыўся Сяргей Маскевіч. - Ёсць над чым папрацаваць і што ўніфікаваць. Думаю, у новай рэдакцыі правіл прыёму гэтыя змены знайдуць адлюстраванне».
Новыя правілы будуць абмяркоўвацца ўсю восень, таму абітурыентам 2013 спаць спакойна не дадуць. Верагодна, колькасць прадметаў на ЦТ праз год скароціцца ўдвая: з 14 да 7, піша партал generation.by.
«14 прадметаў - гэта шмат. Навошта такая дэталізацыя? - разважаў за некалькі дзён да заяў Маскевіча Анатоль Рубінаў. - Ёсць базавыя прадметы, іх трэба ведаць. Можна іх як мінімум у два разы скараціць».
Галоўны агучаны аргумент для такога змяншэння дысцыплін - занадта вялікі кошт правядзення тэстаў. Сусветную гісторыю сапраўды здаюць нямногія. У гэтым годзе такіх было 1,74 тысячы. Грамадазнаўства здавалі больш за 9 тысяч абітурыентаў, гісторыю Беларусі - у 2 разы больш.
Яшчэ адзін метад эканоміі - убраць з ЦТ дубляванне прадметаў на беларускую мову. Здаюць на ёй усё менш і менш абітурыентаў...
Аднак памяншэннем прадметаў на ЦТ у Мінадукацыі, мяркуючы па ўсім, не абмяжуюцца. Сяргей Маскевіч спадзяецца ажыццявіць сваю даўнюю мару: убраць «вясковыя» льготы пры паступленні. Гэта хацелі зрабіць яшчэ на працягу цяперашняй кампаніі, аднак, мабыць, у міністра не хапіла рэсурсаў на прасоўванне рашэння. Падумваюць і над тым, каб пазбавіць пераможцаў алімпіяд магчымасці паступаць без конкурсу на некаторыя спецыяльнасці.
Не першы год абяцаюць скараціць набор завочнікаў (аднак у гэтым годзе да 70% прыватных ВНУ - зноў завочнікі), перавесці ўступную кампанію ў электронную форму (гэта таксама абяцалі зрабіць у 2012 годзе). Адзіная навацыя, якая пакуль атрымалася Маскевічу - устанаўленне прахаднога бала па ЦТ. У выніку мяжу ў 7 балаў, не змаглі пераадолець амаль 20 тысяч чалавек.