BE RU EN

Аляксандр Вайтовіч: Улада трымае ўсю краіну за горла

  • 6.09.2012, 12:39

Былы кіраўнік «савета рэспублікі » Аляксандр Вайтовіч з боку назірае за тым, што ўлады называюць «выбарам».

«Выбараў у нас няма », - кажа Аляксандр Вайтовіч, і лічыць, што для такой невялікай краіны, як Беларусь, дастаткова адной «палаты прадстаўнікоў», піша "Белорусский партизан".

- Сёння Цэнтрвыбаркам прызнаў правамоцным вылучэнне кандыдатаў у члены «савета рэспублікі» пятага склікання. Між тым, былы старшыня Вярхоўнага Савета Мечыслаў Грыб ужо выказаўся супраць «савета рэспублікі» як цалкам непатрэбнага органа... Як былы кіраўнік «савета рэспублікі» Вы згодныя з такім падыходам?

- У сённяшняй сітуацыі, магчыма, не патрэбны ні «савет рэспублікі», ні «палата прадстаўнікоў». Але каб заканадаўчая ўлада сапраўды была заканадаўчай, для невялікай Беларусі дастаткова і адной «палаты прадстаўнікоў». Але дэпутаты павінны абірацца прамым галасаваннем, а не прызначацца, што адбываецца цяпер.

- Вы самі назіраеце за працэсам, які ўлады называюць «выбарамі»?

- Выбараў як такіх не бывае. Як гаварыў таварыш Сталін, не важна як галасуюць - важна, як лічаць галасы.

- Фарміруецца «палата прадстаўнікоў» 5 склікання ўжо, і ні адна з палат не прызнаная ні Еўропай, ні ЗША. Які лёс чакае пятую палату?

- Мяне мала цікавіць - прызнае Захад гэтую кампанію ці не прызнае. Мяне больш за ўсё турбуе тое, што гэта сапраўды не выбары. Так выбары не праходзяць.

Бо ўсе недахопы ў Выбарчым кодэксе застаюцца. Вось ужо гадоў 15 ідуць размовы аб гэтых недахопах, але нічога не мяняецца. Выбараў як не было, так і няма.

Што казаць, калі галоўная дзеючая асоба ўстанаўлівае квоты для галасавання, якія потым паўтараюцца Цэнтрвыбаркамам? На самым версе вертыкалі адкрыта пра гэта кажуць.

- Што трэба зрабіць, каб зрушыць гэты воз з мёртвай кропкі?

- Патрэбны празрысты выбарчы працэс. Каб усе кандыдаты ў дэпутаты ці ў прэзідэнты мелі права ўключаць сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі, і каб працэс падліку галасоў стаў празрыстым. Для гэтага, падобна, датэрміновае галасаванне трэба адмяніць, каб выключыць «укідванні» лішніх бюлетэняў.

«Выбары» пройдуць - улады не стануць мяняць Выбарчы кодэкс. Напярэдадні наступных «выбараў» улады заявяць: мы не можам змяняць выбарчае заканадаўства перад «выбарамі». І правільна: Выбарчы кодэкс трэба памяняць адразу пасля «выбараў», а не чакаць наступлення наступных «выбараў». Уладзе не патрэбныя празрыстыя выбары, вынікам якіх выбаршчыкі будуць давяраць. Такія выбары ўладзе не патрэбныя.

- А наперадзе - толькі беспрасветнасць і поўная апатыя грамадства...

- Гэта доля ўсіх краін з дыктатурай.

Гэта не апатыя; усіх нас трымаюць за горла. Як Сталін трымаў за горла ўвесь Савецкі Саюз, як Гітлер трымаў за горла ўсю Германію, як Мао Цзэдун трымаў ўвесь Кітай за горла...

Апошнія навіны