BE RU EN

Віцебскага апазіцыянера будуць судзіць за заклік да байкоту

  • 6.09.2012, 15:35

Барыса Хамайду абвінавацілі ў «спробе ўчыніць бойку з загадчыцай крамы».

Ён штодня распаўсюджвае незалежную прэсу як раз каля ўваходу ў краму № 82 гандлёвай сеткі «Веста», нагадвае «Радыё Свабода».

Барыс Хамайда перакананы, што яго пераследуюць за плакат з заклікам байкатаваць «выбары». З гэтым плакатам ён выйшаў да так званага «сіняга дому» па вуліцы Леніна ў мінулы панядзелак.

Апазіцыянер кажа, што з тых часоў ён мае праблемы з міліцыяй.

«3 верасня мяне затрымалі, пацягнулі ў суд і далі 400 тысяч штрафу за плакат «Незаконным выбарам у незаконную «палатку» - байкот!» 5 верасня міліцыянты прыехалі і загадалі мне сыходзіць, таму што я нібыта перашкаджаю здымцы фільма пра Марка Шагала. Якім чынам я перашкаджаю, калі яна праводзіцца за паўкіламетра ці нават больш? Сёння раніцай міліцыя загадала сыходзіць ужо без якіх-небудзь тлумачэнняў. Калі я адмовіўся, яны, верагодна, загадалі «разабрацца» са мной дырэктару крамы, каля якой я стаю. І яна справакавала скандал», - сказаў ён.

Па словах Хамайды, загадчыца таксама спачатку загадала яму сыходзіць - маўляў, на гэтым месцы трэба паставіць стол і лаўкі для вулічнага гандлю. Тады актывіст перасунуўся трохі ў бок.

Загадчыцу гэта не задаволіла.

«Яна выбегла з крамы, схапіла бел-чырвона-белую стужку, якая ў мяне тут прымацаваная, хацела сарваць і герб «Пагоня». Вядома, я схапіў яе за руку. Яна выклікала міліцыю, на мяне склалі пратакол за хуліганства. Дарэчы, пратакол міліцыянты пісалі за сталом, які прынеслі з крамы і дэманстратыўна паставілі перада мной, папярок тратуараў. Ніякага гандлю тут няма і ніколі не было. Гэта ўсё - толькі спробы ўчыніць мне перашкоды».

Стол і лаўкі відавочна замінаюць мінакам, але супрацоўнікаў міліцыі гэта не збянтэжыла. Яны сказалі, што Барысу Хамайдзе дашлюць павестку ў суд.

Апошнія навіны