Віктар Івашкевіч: Няхай ў сваёй псеўдаапазіцыйнасці ідуць да канца
- 6.09.2012, 15:51
Палітык пракаментаваў жаданне некаторых актывістаў удзельнічаць у «выбарах» да канца.
6 жніўня кандыдат у «дэпутаты» ад грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Таццяна Караткевіч заявіла, што яна мае намер да канца ісці на «парламенцкія выбары» 23 верасня. Таксама адзін з лідэраў «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў адзначыў, што ўдзельнічаць у гэтым спектаклі ёсць сэнс. Паводле яго слоў, гэта адзінае, чым можна разбурыць апатыю ў грамадстве.
Адзін з кіраўнікоў «Беларускага руху» Віктар Івашкевіч пракаментаваў сайту charter97.org жаданне некаторых актывістаў «Гавары праўду» ісці на «выбары» да канца.
«Грамадзянская кампанія «Гавары праўду» заявіла, што яе прадстаўнікі самі вырашаюць, здымацца з «выбараў» ці не. Адны кажуць, што здымуцца, іншыя - што правядуць кампанію байкоту ў асобна ўзятай акрузе. А некаторыя хочуць патрапіць у «палатку», - сказаў палітык.
«У такіх актывістаў ёсць надзея патрапіць у «палатку». Пры дапамозе каго - таксама пытанне. Тыя, хто ідзе на «выбары»да канца - няхай у сваёй псеўдаапазіцыйнасці і ідуць да канца. Мы ўбачым, хто пойдзе на «выбары» да канца і зыходзячы з гэтага будзем выбудоўваць сваю ўнутраную палітыку», - адзначыў Віктар Івашкевіч.