BE RU EN

Пазоў аб ліквідацыі «Платформы» разгледзяць 9 кастрычніка

  • 6.09.2012, 16:50

Разгляд пазову аб ліквідацыі інфармацыйна-асветніцкай установы «Платформа» адкладзены да 9 кастрычніка.

Адным з парушэнняў, якое лягло ў аснову пазову аб ліквідацыі «Платформы», было незнаходжанне ўстановы па юрыдычным адрасе. Падатковая інспекцыя абгрунтавала гэтую прэтэнзію тым, што на некаторых бланках платформы паказаны адрас, які адрозніваецца ад юрыдычнага, а таксама апытаннем кіраўніцтва таварыства ўласнікаў будынка, дзе «Платформа» арандуе памяшканне, піша БелаПАН.

Дырэктар «Платформы» Андрэй Бандарэнка ў судзе адзначыў, што ні адзін нарматыўны акт не рэгулюе тое, які адрас павінен быць на бланку арганізацыі, і гэта не з'яўляецца доказам таго, што арганізацыя не размяшчаецца па юрыдычным адрасе.

Акрамя таго, у судзе высветлілася, што паведамленне аб адміністрацыйным штрафе за незнаходжанне па юрыдычным адрасе «Платформе» падатковая інспекцыя выслала менавіта на гэты юрыдычны адрас, дзе, на думку інспекцыі, арганізацыя не знаходзіцца. Гэта апавяшчэнне было атрымана кіраўніцтвам «Платформы», што, на думку Бандарэнкі, сведчыць аб безгрунтоўнасці довадаў пазоўніка.

Суд папрасіў падатковую інспекцыю прадаставіць дамовы арэнды памяшканняў «Платформай» у 2011-2012 гадах. У сувязі з гэтым суддзя Алег Клюйко адклаў разгляд пазову. Ён растлумачыў, што пасяджэнне адкладаецца на такі працяглы тэрмін таму, што будзе знаходзіцца ў водпуску.

«Падатковая інспекцыя з такімі аргументамі наогул не павінна была з'яўляцца ў судзе, каб не губляць твар. Ніякіх падстаў для нашай ліквідацыі няма, у іх не хапае дакументаў, і гэта стала зразумела нават суду», - пракаментаваў працэс Андрэй Бандарэнка.

«Нават калі мы дзесьці зрабілі памылку, нешта прадаставілі падатковай не ў тэрмін, мы гэта выправілі. Довады аб тым, што мы не знаходзімся па юрыдычным адрасе, наогул не маюць пад сабой падстаў. Цалкам відавочна, што нас зачыняць не за што», - сказаў Бандарэнка.

Апошнія навіны