Помнік «Іосіфу Сталіну» усталявалі ў Ваўкавыску.
- 6.09.2012, 17:58
40-тонны танк «Іосіф Сталін» узнялі на пастамент ў цэнтры горада.
Помнік абаронцам айчыны адкрыты ў Ваўкавыску. На пастамент на вуліцы Перамогі ўзнялі 40-тонны танк ІС-3, вядомы таксама як «Іосіф Сталін». Ва ўрачыстай цэрымоніі прынялі ўдзел міністр абароны Беларусі Юрый Жадобін і шэраг высокапастаўленых службовых асоб, перадае БелТА.
Юрый Жадобін адзначыў, што ў Беларусі ўстаноўлена ў якасці помнікаў каля чатырох дзесяткаў баявых машын часоў вайны. Міністэрства абароны вырашыла працягнуць гэтую традыцыю.
«Гэты помнік будзе нагадваць кожнаму пра тыя падзеі, будзе сімвалізаваць тое, што сучаснае пакаленне шануе подзвіг ветэранаў у ваенны і пасляваенны час, паслужыць справе патрыятычнага выхавання моладзі», - сказаў на цэрымоніі губернатар Гродзенскай вобласці Сямён Шапіра.
Дарэчы, ІС-3 не прымаў удзел у Вялікай Айчыннай вайне, у адрозненне ад свайго папярэдніка ІС-2. На 24 траўня 1945 года было сабрана 29 танкаў ІС-3, з якіх толькі 17 прайшлі завадскія выпрабаванні. Таму словы губернатара і міністра гучаць некалькі дзіўна.
Як паведамляў charter97.org, раней баранавіцкія ўлады адмовіліся ад ідэі ўсталявання помніка танку, таму што ён «асацыюецца з агрэсіяй і гвалтам».