BE RU EN

Дзяніс Садоўскі: Улады спрабуюць спыніць кампанію байкоту

  • 7.09.2012, 13:12

Актывіст Беларускай хрысціянскай дэмакратыі выйшаў на свабоду пасля 10 сутак арышту.

Адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі распавёў сайту charter97.org пра падрабязнасці свайго выкрадання.

«Мяне затрымалі ў аўторак 28 жніўня непадалёк ад станцыі метро «Пушкінская», каля «Макдональдса». Я вешаў на агітацыйны стэнд за так званыя «выбары» вялікі плакат з заклікам іх байкатаваць. Да мяне падышлі два міліцыянта, яны заштурхалі мяне ў міліцэйскі аўтобус, забралі тэлефон і адвезлі ў Фрунзенскае РУУС. Там мяне трымалі чатыры гадзіны - міліцыянты ніяк не маглі вырашыць, што са мной рабіць», - распавядае Дзяніс Садоўскі.

«У выніку яны сфабрыкавалі на мяне пратакол, што я нібыта лаяўся матам, калі вешаў плакат, правакаваў міліцыянтаў на бойку і аказаў супраціўленне пры затрыманні. Натуральна, я не пагадзіўся з абвінавачваннем. Але мне ўсё роўна далі 10 сутак арышту. Потым мяне адвезлі ў ізалятар на Акрэсціна. Умовы там былі вельмі дрэнныя. Мяне ўвесь час пераводзілі з камеры ў камеру - за 10 дзён я пабываў у пяці камерах. У трох з іх вокны былі без шкла, таму было вельмі халодна. Гэта былі катавальныя ўмовы», - падкрэсліў актывіст.

«Сукамернікі да мяне, як і да іншых «палітычных», ставіліся добра. Кожны дзень мне прыходзілі перадачы, а калі актывісты БХД прыехалі падтрымаць мяне, увесь ізалятар гэта чуў. Так што дзякуючы пастаяннай падтрымцы, дзесяць сутак прайшлі вельмі бадзёра», - сказаў адказны сакратар БХД.

«Сваё затрыманне я звязваю з кампаніяй байкоту. Безумоўна, улады імкнуцца максімальна нейтралізаваць гэтую кампанію. Байкот - адзінае, што можа аб'яднаць людзей, якія супраць улады. Толькі байкот можа паказаць, што ў краіне няма справядлівых выбараў. Я ўпэўнены, што мы ўсё робім правільна і кампанія байкоту будзе паспяховай. Упэўнены, што людзі не пойдуць на «выбары». І я заклікаю ўсіх быць смелымі і распаўсюджваць ідэю байкоту», - заявіў Дзяніс Садоўскі.

Нагадаем, 28 жніўня знік актывіст БХД Дзяніс Садоўскі. Сувязь з дэмакратычным актывістам знікла яшчэ раніцай і цэлы дзень было невядома, дзе ён знаходзіцца. Толькі ўвечары родныя актывіста атрымалі інфармацыю, што Дзяніса Садоўскага арыштавалі на 10 сутак.

Апошнія навіны