BE RU EN

Літвіну адмовіліся ўключаць у Назіральны савет па СМІ

  • 7.09.2012, 15:02

Прадстаўнікі Мінінфармацыі, афіцыйнага Саюза журналістаў і дзяржаўных СМІ палічылі яе прысутнасць немэтазгоднай.

Старшыню Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанну Літвіну і яе намесніка Андрэя Бастунца не ўключылі ў склад Назіральнага савета па кантролю за выкананнем парадку і правіл правядзення перадвыбарчай агітацыі ў СМІ. Як паведаміў член Савета, першы намеснік галоўнага рэдактара «СБ - Беларусь сегодня» Міхаіл Лябедзік, іх прысутнасць у складзе Савета палічылі «немэтазгоднай», перадае «Еўрарадыё».

Праўда, ён дадаў, што члены Назіральнага савета канчатковае рашэнне не прымаюць - яны толькі даюць рэкамендацыі. І ў гэтым выпадку Цэнтрвыбаркам спытаў меркаванне членаў адносна асоб, якіх было прапанавана ўвесці ў склад савета. А яны ўжо выказвалі сваё стаўленне да гэтага.

Нагадаем, 5 верасня член Цэнтрвыбаркама з дарадчым голасам Ігар Лялькоў прапанаваў ЦВК уключыць у склад Назіральнага савета старшыню БАЖ Жанну Літвіну і яе намесніка Андрэя Бастунца, а таксама намесніка галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Зміцера Панкаўца. Сёння ў складзе Назіральнага савета 7 чалавек - прадстаўнікі Мінінфармацыі і грамадскага аб'яднання «Беларускі саюз журналістаў», а таксама прадстаўнікі друкаваных сродкаў масавай інфармацыі, заснаваных дзяржавай, і Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі.

Апошнія навіны