Андрэй Бастунец: ЦВК перакладае адказнасць
- 7.09.2012, 15:45
Праўладныя журналісты палічылі прысутнасць прадстаўнікоў незалежных СМІ ў Назіральным савеце немэтазгоднай.
Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Андрэй Бастунец пракаментаваў сайту charter97.org адмову ўключыць яго ў склад Назіральнага савета па кантролю за выкананнем парадку і правіл правядзення перадвыбарчай агітацыі ў СМІ.
«Мяне больш турбуе не сам факт таго, што мяне не ўключылі ў савет, што было прадказальна, а тое, якім чынам мне адмовілі. Наглядальны савет фармуецца Цэнтрвыбаркамам. І які сэнс мае зварот Цэнтрвыбаркама да савета, які ён сам і фарміруе?»- сказаў Андрэй Бастунец.
«Савет павінен разглядаць канфліктныя сітуацыі і шукаць кампраміс. Цэнтрвыбаркам сам мог аформіць мне адмову. Але тое, што Цэнтрвыбаркам звярнуўся для гэтага да савета, кажа пра тое, што ён зняў з сябе адказнасць і пераклаў яе на орган, які не мае паўнамоцтваў на ўключэнне або адмову ў членстве. Гэта значыць з назіральнага савета зрабілі громаадвод. Але Назіральны савет не можа сам сябе фарміраваць!»- заявіў намеснік старшыні БАЖ.
Нагадаем, сёння члены Назіральнага савета, якія складаюцца з прадстаўнікоў міністэрства інфармацыі, афіцыйнага Саюза журналістаў і дзяржаўных СМІ, адмовілі ўключыць у свой склад старшыню БАЖ Жанну Літвіну, намесніка старшыні БАЖ Андрэя Бастунца і намесніка галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Зміцера Панкаўца. Іх прысутнасць праўладныя журналісты палічылі немэтазгоднай.