BE RU EN

Інвестыцыі ўпалі на 13 адсоткаў

  • 20.01.2013, 18:48

Сума інвестыцый у асноўны капітал у Беларусі ў 2012 годзе знізілася ў параўнанні з 2011 годам у параўнальных коштах на 13,8%.

Яна склала ў бягучых коштах Br 151,9 трлн, паведамляе БелТА.

У Берасцейскай вобласці сума інвестыцый у асноўны капітал за мінулы год склала Br 16,1 трлн, або 72,9% да ўзроўню 2011-га, у Віцебскай вобласці – Br 13,6 трлн (89,2%), Гомельскай – Br 21,1 трлн (88,4%), Гарадзенскай – Br 18,1 трлн (94%), Менскай – Br 30 трлн (79,6%), Магілёўскай – Br 16,5 трлн (80,4%). Сума інвестыцый у асноўны капітал у беларускай сталіцы за гэты перыяд знізілася на 1,9% і склала ў бягучых коштах Br 36,2 трлн.

За мінулы год будаўніча-мантажныя работы, у тым ліку работы ў мантажы абсталявання, выкананыя на Br 73,4 трлн, што ў параўнальных коштах на 9,9% менш, чым у 2011-м.

Выдаткі на набыццё машын, абсталявання, транспартных сродкаў склалі Br 64,6 трлн, або 42,5% агульнай сумы інвестыцый і 79,6% да ўзроўню 2011-га. На імпартныя машыны, абсталяванне, транспартныя сродкі прыпадае 53,1% гэтых інвестыцый. З імпартнага абсталявання 33% набытыя на тэрыторыі Беларусі.

Асноўная сума інвестыцый у асноўны капітал у 2012 годзе прыпала на апрацоўчую прамысловасць (26,5% ад агульнай сумы інвестыцый), сельскую гаспадарку, паляванне і лясную гаспадарку (15,6%), транспарт і сувязь (12,7%).

Апошнія навіны