BE RU EN

Журналістам забаранілі здымаць Алімпіяду ў Сочы на мабільнікі

  • 11.11.2013, 12:59

Журналістаў за здымку мабільнымі прыладамі спартсменаў ці гледачоў на Алімпіядзе ў Сочы будуць пазбаўляць акрэдытацыі.

Выкарыстанне журналістамі мабільных тэлефонаў для здымак спартсменаў ці гледачоў падчас зімовай Алімпіяды ў Сочы будзе лічыцца сур'ёзным парушэннем і прывядзе да анулявання іх акрэдытацыі. Пра гэта паведамляе партал «Ридус» са спасылкай на заяву кіраўніка рэдакцыі Агенцтва спартыўных навін Васіля Конава, зробленую ім у ходзе Усерасейскага навучальнага форуму-семінара спартыўных журналістаў у Сочы.

Забарона датычыцца ўсіх без выключэння мабільных прылад і гаджэтаў, у тым ліку кішэнных «мыльніц». Па словах Васіля Конава, арганізатары не змогуць, вядома, паўплываць на звычайных гледачоў, але ім забароняць праносіць люстраныя фотаапараты і паўпрафесійныя відэакамеры, піша NEWSru.com.

Калі хто-небудзь з журналістаў будзе заўважаны пры спробе здымкі на мабільную прыладу, ён тут жа будзе пазбаўлены акрэдытацыі. Здымка журналістам дазволеная толькі прафесійнай апаратурай і толькі тым, хто мае спецыяльныя бэйджы «фота» ці «відэа».

Напярэдадні ў рамках форуму прайшлі майстар-класы двух вядомых расейскіх фатографаў - Аляксандра Вільфа і Сяргея Кіўрына, прысвечаныя спецыфіцы арганізацыі фотарэпартажу на Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульнях. Майстры распавялі ўдзельнікам пра асаблівасці здымкі зімовых відаў спорту, у тым ліку хуткасных - бабслея, скелетона, санкавага і гарналыжнага спорту.

Апошнія навіны