Беларусь будзе купляць толькі расейскі газ
- 11.04.2013, 13:23
У Беларусі прынятае рашэнне пакуль адмовіцца ад будаўніцтва тэрмінала па прыёмцы і разрэджванню звадкаванага прыроднага газу ў марскіх партах Літвы і іншых краін, якія маюць выхад да мора.
Пра гэта заявіў намеснік міністра энергетыкі рэспублікі Міхаіл Міхадзюк, піша «Інтэрфакс».
«Мы вывучалі гэтую тэму - пастаўку ў Беларусь звадкаванага прыроднага газу, але для гэтага патрэбны тэрмінал па яго прыёмцы і разрэджванню. Міжведамасная група вывучала пытанне будаўніцтва такога тэрмінала не толькі ў Літве, у Клайпедзе, але і ў іншых краінах, якія маюць марскія парты», - паведаміў Міхадзюк у чацвер на прэс-канферэнцыі ў Менску.
«Было прынятае рашэнне на аснове тых прапаноў, якія да нас паступілі, прызнаць такі праект эканамічна немэтазгодным, устрымацца ад яго», - сказаў намеснік міністра.
Пастаўкі праз СПГ-тэрмінал у перспектыве дазволілі б Беларусі адмовіцца ад імпарту фактычна паловы газу з Расеі.