Украіна адмовілася даць прытулак расейскім апазіцыянерам
- 11.04.2013, 13:36
Міграцыйная служба Украіны адказала адмовай на просьбу прадаставіць палітычны прытулак расейскім бежанцам.
Гаворка ідзе пра журналістку Джэні Курпен і актывіста «Іншай Расеі» Аляксея Дзевяткіна. Яны ўжо падалі скаргу на гэтае рашэнне ў Апеляцыйны суд Кіева і ў выпадку неабходнасці гатовыя звярнуцца ў Вярхоўны суд Украіны, паведамляе руская служба «Радыё Свабода».
Па словах Курпен, пакуль будуць доўжыцца працэсы, яны змогуць на законных падставах знаходзіцца на ўкраінскай тэрыторыі. Абодвум расейцам працягнулі тэрмін знаходжання ў краіне да 20 чэрвеня.
Аляксей Дзевяткін і Джэні Курпен прыехалі ў Кіеў дзевяць месяцаў назад і адразу ж звярнуліся да ўладаў з просьбай пра прытулак, баючыся пераследу ў Расеі па справе аб беспарадках на Балотнай плошчы 6 траўня мінулага года. Рашэння міграцыйнай службы ва Украіне чакаюць яшчэ некалькі расейскіх апазіцыянераў, у прыватнасці, фігуранты «Балотнай справы», актывісты руху «Салідарнасць» Міхаіл Маглаў і «Расейскага сацыялістычнага дзеяння» антыфашыст Філіп Гальцоў.
Па дадзеных ААН, у перыяд з 2003-га па 2008-ы гады статус бежанца ва Украіне атрымалі каля 130 грамадзян Расеі. У ліку гэтых людзей - не толькі сябры палітычных партый, але і бізнесмены, і жыхары Чачні.
Характэрна, што пасля таго, як восенню мінулага года ў Кіеве расейскімі спецслужбамі быў выкрадзены актывіст «Левага фронту» Леанід Развазжаеў, які таксама спрабаваў атрымаць тут статус бежанца, Украіна не дала прытулак ніводнаму расейцу.
Два месяцы таму ў кіеўскім офісе Упраўлення вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў (УВКБ ААН) абвясцілі, што Украіна больш не з'яўляецца бяспечнай краінай для просьбітаў прытулку.
Нагадаем, пасля падзей 19 снежня 2010 года шматлікія актывісты беларускай апазіцыі выехалі ва Украіну, ратуючыся ад палітычных рэпрэсіяў на радзіме.