ДАІ ўчыніла аблаву на кіроўцаў на Прывакзальнай плошчы
- 11.04.2013, 16:35
ДАІ праводзіць чарговую «эвакуацыйную» зачыстку ў раёне чыгуначнага вакзала ў Менску.
«Сталічная Дзяржаўтаінспекцыя сёння выяўляе парушальнікаў правілаў прыпынення і стаянкі, якія акупавалі раён чыгуначнага вакзала, - паведамілі onliner.by у Менскай ДАІ. -Асаблівая ўвага будзе нададзеная вуліцам Бабруйскай, Ленінградскай, Свярдлова, Прывакзальнай плошчы».
Такім чынам, інспектары працягваюць кропкавую эвакуацыю ў сталіцы.
«Раён чыгуначнага вакзала Менска - адзін з самых праблемных у горадзе: на вуліцы Бабруйскай тралейбусы не могуць пад'ехаць да прыпынку, - лічаць у ДАІ. - Да таго ж пасажырам даводзіцца выходзіць з транспарту прама на праезную частку. А многія кіроўцы пакідаюць машыны каля краю праезнай часткі - там, дзе гэта забараняюць дарожныя знакі».
Да іх, мяркуючы па ўсім, і будзе ўжытая прымусовая адбуксіроўка. З поўнай пагрузкай гэтая паслуга каштуе 380 тыс. рублёў, з частковай - 300 тыс. Уведзеная градацыя ў залежнасці ад працягласці знаходжання аўтамабіля на ахоўнай стаянцы: 1-3 дня - 50 тыс. (за адны суткі), 4-10 дзён - 30 тыс . (за адны суткі), 10 дзён і больш - 20 тыс. (за адны суткі). Штраф за першае парушэнне правілаў прыпынення і стаянкі складзе 100 тысяч рублёў, за паўторнае - 200 тысяч.
Фота: архіў БелТА