BE RU EN

Беларускі твар сімвала Варшавы

  • 11.04.2013, 16:53

У сімвала польскай сталіцы - знакамітай варшаўскай русалкі - твар дзяўчыны з беларускага Палесся.

Натуршчыцай скульптуры, якую ў 1939 годзе ўсталявалі на беразе Віслы, была ўраджэнка вёскі Мазуркі пад Баранавічамі Крысціна Кагельская, паведамляе Polskie Radio.

Яна нарадзілася ў 1914 годзе ў сям'і памешчыкаў. Маці была біёлагам і доктарам філасофіі, бацька - інжынерам, а з 1926 - палескім ваяводам. Дзед удзельнічаў у паўстанні Каліноўскага і быў за гэта высланы ў Сібір.

Пасля заканчэння гімназіі імя Рамуальда Траўгута ў Брэсце Крысціна Кагельская вывучала геаграфію і этнаграфію ў Варшаўскім універсітэце. Пісала вершы і музыку, сама спявала свае песні. У яе рэпертуары было шмат беларускіх народных песень, якія яна выконвала ў эфіры Польскага радыё ў Вільні і Варшаве.

Маладую студэнтку і паэтку заўважыла скульптар Людвіка Нітшова, якая прапанавала ёй пазіраваць для стварэння скульптуры русалкі - сімвала Варшавы.

Помнік, збудаваны напярэдадні Другой сусветнай вайны апынуўся адзіным, які ацалеў у сталіцы пасля Варшаўскага паўстання, удзельніцай якога была і Крысціна Кагельская. Яна загінула 2 жніўня 1944 года, на другі дзень паўстання. Яе імем названа адна з варшаўскіх школ.

Апошнія навіны