BE RU EN

«Рамблер» аштрафавалі за адмову здаць перапіску карыстальніка

  • 11.04.2013, 17:13

Федэральная служба па фінансавых рынках Расеі аштрафавала «Рамблер» на паўмільёна рублёў за адмову даваць інфармацыю з электроннай паштовай скрыні аднаго са сваіх карыстальнікаў.

ФСФР запрасіла ў «Рамблера» рэгістрацыйныя дадзеныя карыстальніка, якога западозрылі ў неправамерным выкарыстанні карпаратыўнай інфармацыі, а таксама інфармацыю пра адрасы, з якіх ён збіраў і на якія перанакіроўваў лісты. Інтэрнэт-кампанія падала ведамству базавую інфармацыю, але адмовілася без судовага рашэння раскрываць звесткі аб адрасах, палічыўшы гэта парушэннем таямніцы перапіскі, піша lenta.ru.

Дырэктар па бяспецы аб'яднанай кампаніі «Рамблера» і «Афішы» Аляксандр Рылік заявіў газеце, што рашэнне ФСФР будзе абскарджана. Ён падкрэсліў, што ўсе праваахоўныя органы дамагаюцца судовых рашэнняў для атрымання змесціва перапіскі карыстальнікаў, і незразумела, чаму ў дадзеным выпадку павінна быць інакш.

У Mail.Ru Group таксама падалі ў ФСФР запытаную інфармацыю аб карыстальніку, але адмовіліся паведамляць службе інфармацыю аб адрасах, з якімі ён вёў перапіску.

Нягледзячы на гэта кампанія не была аштрафаваная. Прадстаўнікі «Яндэкса» пацвердзілі газеце, што для атрымання інфармацыі аб адрасатах перапіскі сапраўды трэба выкрываць саму пошту.

Патрабаванні ФСФР звязаныя з праверкай магчымасці інсайда і маніпулявання акцыямі кампаніі «Праектныя інвестыцыі». Прадстаўнік ведамства Святлана Швяцова запэўніла выданне, што служба і раней штрафавала інтэрнэт-кампаніі за адмову даваць інфармацыю аб інсайдэрах.

Фота: «Коммерсант»

Апошнія навіны