Жыхары Салігорска патрабуюць новую паліклініку
- 11.04.2013, 21:08
Онлайн-петыцыю з патрабаваннем будаўніцтва ў горадзе новай сучаснай паліклінікі падпісалі амаль сямсот чалавек.
Сярод іх не толькі жыхары Салігорска, але і людзі з іншых гарадоў Беларусі. Ініцыятар петыцыі - мясцовы праваабаронца Аляксей Валабуеў , піша ПЦ ПЦ «Вясна».
«Цяперашняя паліклініка разлічана на 680 наведванняў штодня. Фактычна, іх у тры разы больш. Згодна з Канстытуцыяй, «дзяржава стварае ўмовы даступнага для ўсіх грамадзян медыцынскага абслугоўвання», - кажа Аляксей Валабуеў. - Але жыхарам Салігорска для таго, каб атрымаць медыцынскую дапамагу, даводзіцца гадзінамі прастойваць у велізарных чэргах. Гэта здзек з чалавечай годнасці».
Месяц таму галоўны ідэолаг Салігорскага райвыканкама Мікалай Маскевіч забараніў правядзенне пікету ў падтрымку будаўніцтва новай гарадской паліклінікі.
Зрэшты, улады не абыякавыя да сітуацыі, якая склалася і спрабуюць яе развязаць. Напрыклад, плануецца адкрыццё філіяла Салігорскай паліклінікі на вуліцы Маладзёжнай. Але, на думку праваабаронцы, такія захады з'яўляюцца палавіністымі і не развязваюць сапраўднай праблемы.
Каб паспрыяць хутчэйшаму разгляду пытання, сабраныя пад онлайн-петыцыяй подпісы былі раздрукаваныя і накіраваныя ўладам. У прыватнасці, копію петыцыі і подпісаў да яе атрымаюць старшыня Салігорскага райвыканкама, міністр аховы здароўя ды іншыя чыноўнікі.
Фота: Алег Волчак падпісвае петыцыю