BE RU EN

Старшыня ПАРЕ: Мы чакаем канкрэтных крокаў ад Беларусі

  • 12.04.2013, 13:31

Рада Еўропы гатовая працягнуць дыялог з Беларуссю з нагоды ўключэння нашай краіны ў свой склад толькі пасля ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне.

Пра гэта заявіў старшыня Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Жан-Клод Міньён, перадае «Інтэрфакс».

«У Радзе Еўропы ёсць каштоўнасці, ад якіх мы не можам адмовіцца. Вельмі важна, каб Беларусь імі кіравалася і іх падзяляла. Мінімум, які мы патрабуем, - гэта ўвядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне», - сказаў Жан-Клод Міньён журналістам у Пецярбургу ў пятніцу.

Ён адзначыў, што працяг дыялогу з беларускім бокам з нагоды ўключэння яго ў Раду Еўропы магчымы толькі пасля таго, як яна «падзеліць еўрапейскія каштоўнасці». Паводле яго слоў, недапушчальным з'яўляецца таксама той факт, што спецыяльны дакладчык ПАРЕ, прызначаны для працы ў Беларусі, не можа атрымаць права доступу на тэрыторыю краіны.

«У Беларусі ёсць месца, каб заняць яго ў еўрапейскай сям'і, але мы чакаем з боку Беларусі канкрэтных крокаў», - адзначыў старшыня ПАРЕ.

Са свайго боку, спікер Савета Федэрацыі Расеі Валянціна Мацвіенка адзначыла, што без Беларусі «еўрапейская сям'я» не можа лічыцца поўнай. «Дарэчы кінуць папрок і Радзе Еўропы - сям'я Рады Еўропы няпоўная, паколькі недалічваецца Беларусі», - сказала В.Мацвіенка.

Апошнія навіны