ДАІ сарвала аўтапрабег «За добрыя дарогі» у Магілёве
- 14.04.2013, 14:21
14 красавіка на цэнтральных вуліцах Магілёва праходзіць аўтапрабег «За добрыя дарогі», у якім бяруць удзел пад 15 аўтамабіляў.
Аднак праз некаторы час пасля старту акцыя, арганізаваная мясцовым аўтаклубам «6 Region», прыпыненая, бо супрацоўнікі ДАІ спынілі калону, паведамляе БелаПАН.
Як заявіў адзін з арганізатараў аўтапрабегу, горшых, чым у Магілёве, дарог у іншых абласных цэнтрах краіны няма. Ямы і калдобіны прычыняюцца да непаладак аўтамабіляў, што выклікае абурэнне і незадаволенасць аўтааматараў. Менавіта для прыцягнення ўвагі да праблемы дрэнных дарог у Магілёве і была арганізаваная гэтая акцыя. Пры гэтым ён падкрэсліў, што мерапрыемства не з'яўляецца акцыяй пратэсту.
Удзельнікі аўтапрабегу праехалі амаль палову маршруту, які пралягаў праз вуліцы Астроўскага, Пушкінскі праспект, вуліцы Піянерскую, праспект Міра. На вуліцы Каралёва ўдзельнікі аўтапрабегу былі спыненыя супрацоўнікам ДАІ, якія адмовіўся пракаментаваць БелаПАН сутнасць прэтэнзій да аўтамабілістаў. Цяпер выкліканае імі падмацаванне праводзіць апытанне кіроўцаў-удзельнікаў акцыі, правяраючы іх дакументы і складаючы пратаколы апытання.
Арганізатары напрыканцы акцыі планавалі ўсталяваць своеасаблівы сімвалічны памятны знак патрушчаным аўтамабілям з запчастак пашкоджаных аўтамабіляў. Зрабіць гэта меркавалася ў раёне Святога возера, адкуль і пачалася акцыя.
Цяпер удзельнікі акцыі плануюць усталяваць гэты памятны знак непасрэдна на вуліцы Каралёва, дзе былі спыненыя супрацоўнікамі ДАІ.