Саакашвілі дапытаюць у парламенце Грузіі
- 17.04.2013, 9:31
Прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі заявіў пра сваю гатоўнасць адказаць на пытанні аб вайне з Расеяй у парламенце.
Як растлумачыў ён сваю пазіцыю ў інтэрв'ю тэлекампаніі «Руставі 2», расследаваць пракуратуры ў дадзеным выпадку няма чаго, піша РБК.
Міхаіл Саакашвілі адзначыў, што кіраўніцтва Расеі не хавала, што рыхтавалася да вайны задоўга да жнівеньскіх падзей. Паводле яго слоў, гэта пацверджана мноствам фактаў, уключаючы пагрозы першых асоб РФ у адрас Грузіі і перакідку у Абхазію і Паўднёвую Асецію вялікай колькасці ваеннай тэхнікі і ваенных падраздзяленняў, у тым ліку авіяцыі і флоту. Напад Расеі на Грузію, перакананы М.Саакашвілі, быў непазбежны, таму што для РФ «фундаментальна непрымальна знаходжанне ў Каўказскім рэгіёне незалежнай дзяржавы».
«Вайны можна было б пазбегнуць, калі б мы адмовіліся ад дзяржаўнасці Грузіі. Галоўнай прычынай вайны стала тое, што мы перакрылі Расеі ўсялякі кантроль над структурамі бяспекі. Нягледзячы на эмбарга (Расеі), эканоміка Грузіі развівалася вельмі хутка, і мы паказалі, што гэта магчыма і без эканамічных сувязяў з ёй (Расеяй)», - падзяліўся М.Саакашвілі сваімі меркаваннямі.
Нагадаем, прэм'ер-міністр Грузіі Бідзіна Іванішвілі заявіў, што ён мае мноства пытанняў да былой грузінскай улады і лічыць, што допыт М.Саакашвілі па гэтай ці іншай праблематыцы не супярэчыць цывілізаваным рамкам. «Грамадства павінна праявіць максімальную культуру ў дачыненні да прэзідэнта, але допыт яго ў судовым парадку не з'яўляецца бескультур'ем», - сказаў ён. Тэма вайны, растлумачыў грузінскі прэм'ер, «ахутаная туманам», і яе варта расследаваць.
У Галоўнай пракуратуры Грузіі ствараецца следчая група, якая не выключае допыт грузінскага прэзідэнта. М.Саакашвілі, аднак, ён катэгарычна адмовіўся супрацоўнічаць са следствам. «Я, як прэзідэнт, цалкам адмежаваўся ад заявы прэм'ер-міністра (Грузіі) аб тым, што віной Грузіі быў пачатак узброеных дзеянняў і распальванне вайны. Я, як грамадзянін і прэзідэнт Грузіі, ні на секунду не буду супрацоўнічаць з гэтым антыдзяржаўным следствам, канчатковай мэтай якога з'яўляецца падрыў дзяржаўнасці Грузіі. Яно прама накіравана супраць нашай тэрытарыяльнай цэласнасці і на давядзенне задач нашага ворага да канца», - заявіў М.Саакашвілі.
Паводле яго слоў, пасля жнівеньскай вайны 2008г. Расея на ўсіх міжнародных узроўнях «была выведзена інтэрвентам і агрэсарам супраць Грузіі», і ўпершыню яшчэ адна афіцыйная асоба, акрамя прадстаўнікоў Расеі і нябожчыка прэзідэнта Венесуэлы Уга Чавеса, сцвярджаюць адваротнае. «На жаль для нас такой асобай апынуўся прэм'ер-міністр Грузіі», - сказаў М.Саакашвілі.
На думку М.Саакашвілі, гэта беспрэцэдэнтны выпадак у сучаснай гісторыі, калі новы ўрад прад'яўляе абвінавачанне ранейшаму ўраду за тое, што ён аказаў супраціў суперніку, не адступіў і не падпісаў капітулянцкае пагадненне.
«Сёння ў Грузіі ўрад, які кажа пра тое, што Грузія першай пачала вайну. Гэтая ўлада ўласнымі рукамі змяняе закон аб акупацыі і дае козыры акупантам. Гэты ўрад хоча пакараць ранейшую уладу за тое, што яна ажыццявіла на сваёй жа тэрыторыі спецаперацыю супраць сепаратыстаў» , - заявіў М.Саакашвілі.
Галоўная пракуратура Грузіі паведаміла, што допыт прэзідэнта ў прымусовым парадку немагчымы, таму, верагодна, прыйдзецца дачакацца завяршэння яго прэзідэнцкага тэрміна ў кастрычніку 2013г.