BE RU EN

Раман Якаўлеўскі: МАЗы больш не паплывуць у Венесуэлу

  • 17.04.2013, 10:55

Нягледзячы на тое, што прэзідэнтам Венесуэлы стаў Нікалас Мадура, беларускі кіраўнік не будзе сябрам для гэтай краіны.

Такім чынам палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі пракаментаваў сайту charter97.org вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Венесуэле.

«Безумоўна, беларускі кіраўнік і міністр замежных спраў Уладзімір Макей спадзяюцца на далейшае супрацоўніцтва з Венесуэлай. Краіна пасля выбараў фактычна падзялілася напапалам, то зараз замест нафты было б нядрэнна адтуль імпартаваць у Беларусь дэмакратыю. Іх выбары не ідуць ні ў якое параўнанне з нашымі, і было б нядрэнна пераняць гэты вопыт (смяецца).

Калі казаць сур'ёзна, то такіх цесных стасункаў з Нікаласам Мадура, як былі паміж Аляксандрам Лукашэнкам і Уга Чавесам, ужо не будзе. І праблема не ў тым, што Мадура горш, проста ў яго няма такой харызмы, як у яго папярэдніка. На мой погляд, у беларускага кіраўніка наўрад ці з'явіцца магчымасць яшчэ раз наведаць Венесуэлу з сяброўскім візітам», - лічыць палітычны аглядальнік.

Ён адзначыў, што нядаўна з'явілася неправераная інфармацыя аб запазычанасці беларускага боку ў 2,8 мільярда даляраў за венесуэльскую нафту, і гэтая тэма можа ўскладніць двухбаковыя адносіны.

«З нагоды гандлю зброяй з Венесуэлай хацелася б звярнуць увагу на тое, што Беларусь ужо прадала практычна ўсё магчымае. Серыйнай вытворчасці зброі ў нашай краіне няма. Што тычыцца пасярэдніцтва пры продажы расейскай зброі, то варта памятаць, што Венесуэла не знаходзіцца пад санкцыямі, і Расеі не патрэбная наша краіна ў якасці пасярэдніка, да якога з некаторых часу няма даверу. Дарэчы, Лукашэнка сёння ўжо сказаў, што мы добра адпрацавалі ў рэгіёне Лацінскай Амерыкі. Мы выдатна разумеем, што ён меў на ўвазе толькі адну краіну. Але ўсе гэтыя адносіны трымаліся на асобе Чавеса, а цяпер няма ўпэўненасці, што пры цяперашняй уладзе яны захаваюцца. Прайшоў той час, калі ў Венесуэлу на баржах праз Атлантыку вазілі беларускія МАЗы», - падсумаваў Раман Якаўлеўскі.

Нагадаем, нацыянальны выбарчы савет Венесуэлы прызнаў пераможцам на прэзідэнцкіх выбарах, якія прайшлі ў нядзелю, кандыдата ад кіруючых сіл Нікаласа Мадура. Па апошніх дадзеных, ён набраў 50,75% галасоў. У панядзелак Мадура быў абвешчаны абраным кіраўніком дзяржавы. Кандыдат ад апазіцыі Энрыке Капрылес, які набраў 48,89% галасоў, сваю паразу не прызнаў і запатрабаваў пераліку галасоў.

Па ўсёй краіне праходзяць шматтысячныя акцыі апазіцыі, ёсць загінулыя.

Апошнія навіны