BE RU EN

Былы дырэктар па маркетынгу заводу «Віцязь» атрымаў 6,5 гадоў калоніі

  • 17.04.2013, 11:46

У Віцебску асуджаны былы дырэктар па маркетынгу і якасці тэлезавода «Віцязь».

Пра гэта паведаміў БелТА пракурор аддзела па наглядзе за законнасцю судовых пастаноў па крымінальных справах пракуратуры Віцебскай вобласці Іван Каралёў.

Пачатак злачыннай дзейнасці фігуранта справы адносіцца да 1999 году, калі ён працаваў на прадпрыемстве «Гарызонт». Пры гэтым найбольш цікавым для супрацоўнікаў праваахоўных органаў апынуўся перыяд з 2001-га па 2002 год, калі мужчына займаў пасаду намесніка начальніка аддзела імпарту. На працягу амаль года, выкарыстоўваючы службовае становішча, ён рэгулярна атрымліваў буйныя адкаты за садзейнічанне ў заключэнні кантрактаў па пастаўцы камплектуючых з амерыканскай фірмай Novex Inc.

«Пазней дадзеная фірма была прызнаная лжэструктурай, а яе прадстаўнік апынуўся былым супрацоўнікам зламысніка», - адзначыў Іван Каралёў. Схема атрымання хабараў была даволі арыгінальнай. Так, на імя свайго бацькі мужчына адкрыў у адным з камерцыйных банкаў Латвіі карт-рахунак, на які штомесяц пералічвалася ў сярэднім каля $1 тыс. Агульны аб'ём сродкаў, якія паступілі такім чынам, склаў каля $14 тыс.

З 1 траўня 2004 года ланцужок карупцыйных дзеянняў зламысніка перапыніўся ў сувязі з заканчэннем тэрміну працоўнага кантракта на «Гарызонце», аднак у 2005 годзе ён аднавіўся з атрыманнем пасады дырэктара па маркетынгу і якасці на РУВП (у цяперашні час - ААТ) «Віцязь». Высокую пасаду ён зноў выкарыстаў у карыслівых мэтах: за спрыяльнае рашэнне аб заключэнні кантракта на пастаўку на тэлезавод матэрыялаў для друкавальных плат кітайская фірма «аддзячыла» яго сумай у $1 тыс.

Акрамя таго, мужчына, выкарыстоўваючы сваю пасаду, арганізаваў і ўзначаліў злачынную групу ў складзе каля 10 асоб, якая займалася незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю. У прыватнасці, удзельнікі групы зарэгістравалі на тэрыторыі Расеі каля дзесятка фірмаў-аднадзёнак з мінімальным статутным фондам, выдуманымі імёнамі дырэктараў і юрыдычнымі адрасамі. Напрыклад, адна з іх лічылася па адрасе Міністэрства юстыцыі Расейскай Федэрацыі. Затым на адрас гэтых лжэструктур пры садзейнічанні кіраўніка злачыннай групы віцебскае прадпрыемства пачало экспартаваць тэлевізары. Тавар пастаўляўся фактычна па сабекошце без перадаплаты і гарантый аплаты і рэалізоўваўся ў сумежных дзяржавах. Усяго за 2005-2006 гады «Віцязь» адгрузіў па гэтай схеме прадукцыі на Br78,5 млрд., з іх Br12 млрд так і засталіся нявернутымі.

У траўні 2006 года, адчуўшы пільную цікавасць праваахоўных органаў да сваёй персоны і даведаўшыся аб правядзенні даследчай праверкі, дырэктар па маркетынгу і якасці тэлезавода з'ехаў у камандзіроўку ў Маскву, з якой ужо не вярнуўся. У кастрычніку 2010 года ён быў затрыманы ў Кіеве і пазней экстрадаваны ў Беларусь.

У ходзе суда зламыснік прызнаў сваю віну і абгрунтаванасць прэтэнзій ААТ «Віцязь», прад'яўленых на Br32 млрд. Рашэннем суда мужчына асуджаны на 6 гадоў і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму з пазбаўленнем права займаць кіруючыя пасады тэрмінам на пяць гадоў і канфіскацыяй маёмасці . Прысуд уступіў у законную сілу 16 красавіка.

Апошнія навіны