BE RU EN

Затрыманыя ў Дзень волі актывісты абскардзяць прысуд суда

  • 17.04.2013, 12:25

Актывісты, затрыманыя пасля акцыі ў Дзень волі, падалі скаргу на пастанову суддзяў Савецкага раёна Менска.

Пра гэта сайту charter97.org паведаміў актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Алег Рагоўскі.

«Маладыя людзі, затрыманыя пасля акцыі ў Дзень волі, падалі скаргу на пастанову суддзяў Савецкага раёна Менска. Пасяджэнне адбудзецца 19 красавіка ў 15:00 у Менскім гарадскім судзе па адрасе Дуніна-Марцінкевіча 1. Акрамя мяне позвы атрымалі Аляксандр Кавалёў і Алег Асташонак. Пра астатніх мне невядома», - адзначыў актывіст.

Ён дадаў, што ўсе вышэйпаказаныя ўдзельнікі акцыі былі прысуджаныя да штрафаў у памеры 30 і 40 базавых велічынь (3 і 4 мільёны беларускіх рублёў адпаведна).

«Мы не спадзяемся, што рашэнне Менгарсуда будзе ў нашу карысць, але так ці інакш мы павінны абскардзіць несправядлівыя прысуды. Затрыманыя актывісты не парушалі закон і не прызналі сваю віну на мінулым судзе», - сказаў на заканчэнне Алег Рагоўскі.

Нагадаем, 24 сакавіка былі затрыманыя некалькі ўдзельнікаў шэсця з нагоды Дня волі ў Менску, у тым ліку трое грамадзян Украіны.

На іх былі складзеныя пратаколы адміністратыўнага правапарушэння па арт. 23.34 - парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства.

Удзельнікі акцыі былі прысуджаныя да арыштаў і штрафаў.

Апошнія навіны