Усё больш фірмаў адмаўляюцца супрацоўнічаць з беларускімі кампаніямі
- 17.04.2013, 16:55
Замежныя прадпрыемствы дыстанцуюцца ад ненадзейных беларускіх кампаній, каб захаваць сваю рэпутацыю.
Пра гэта заявіў эканаміст Леў Марголін, каментуючы charter97.org скарачэнне сумеснага бізнесу «Уралкалія» з БКК з-за санкцый і ненадзейнасці беларускіх партнёраў.
«Калі «Уралкалій» зрабіў такі ход, то для гэтага былі ўсе падставы. Гэта прыватная кампанія, і яна ў сваёй дзейнасці кіруецца не палітычнымі матывамі, а толькі пытаннямі мэтазгоднасці супрацоўніцтва. Хутчэй за ўсё, санкцыі, якія існуюць адносна «Беларуськалія», хоць і не такія шырокія, як маглі б быць, але ўсё-такі яны ствараюць нязручнасці для тых, хто супрацоўнічае з БКК. Таму партнёрам даводзіцца рабіць высновы і шукаць іншыя шляхі, каб самім не пакутаваць ад санкцый. У іх ёсць для гэтага падставы», - упэўнены эканаміст.
Ён падкрэсліў, што нават калі санкцыі не датычацца непасрэдна такога прадпрыемства як «Уралкалій», але яно супрацоўнічае з «ненадзейнымі кампаніямі», то яго рэпутацыя пакутуе ў першую чаргу.
«Такія высновы робяць і многія іншыя фірмы, хоць і не заяўляюць пра гэта публічна. Бо ў Расеі, у адрозненне ад Беларусі, 80% прадпрыемстваў з'яўляюцца прыватнымі. Там ніхто не можа загадаць уладальнікам супрацоўнічаць з беларускімі фірмамі. Самае большае, што яны могуць - не рабіць з гэтага ніякага піяру, а патроху дыстанцыявацца ад «ненадзейных». Я лічу, што так і робіцца, таму што рэпутацыя з'яўляецца вельмі важным момантам, і ў бізнесе ад яе шмат што залежыць. Безумоўна, што, адмовіўшыся ад супрацоўніцтва, можна страціць грошы, але маленькія, а, сапсаваўшы рэпутацыю, вялізныя», - падсумаваў Леў Марголін.
Нагадаем, кампанія «Уралкалій» адмаўляецца ад супрацоўніцтва з БКК з-за санкцый і ненадзейнасці беларускіх партнёраў.
Адзначым, што лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў заклікаў Еўразвяз прыпыніць гандаль беларускімі нафтапрадуктамі і імпарт калійных угнаенняў з мэтай вызвалення палітвязняў.