BE RU EN

Салігорскія ўлады супраць беларускамоўных шыльдаў

  • 17.04.2013, 18:08

Улады горада адмаўляюцца вывесіць шыльды на адміністрацыйных будынках на дзяржаўнай беларускай мове.

Гэта вынікае з адказу на запыт Таварыства беларускай мовы, які быў атрыманы ад чыноўнікаў, піша ПЦ «Вясна».

У сваім адказе ўлады спасылаюцца на артыкул 17 Канстытуцыі, згодна з якім «дзяржаўнымі мовамі ў Беларусі з'яўляюцца беларуская і руская мовы». З гэтага чыноўнікі робяць выснову, што «дзейнасць мясцовых органаў не супярэчыць існаму заканадаўству».

З такой трактоўкай канстытуцыйнай нормы катэгарычна не згодны старшыня Салігорскай гарадской арганізацыі ТБМ Мікалай Шаравар. Абаронца беларускай мовы нагадвае пра артыкул 31 закона «Аб мовах», згодна з якім «назвы дзяржаўных органаў ды іншых арганізацый даюцца на беларускай і (або) рускай мовах».

«На жаль, чыноўнікі вельмі часта прыкрываюцца вось гэтымі «або» ў Законе «Аб мовах», - кажа Мікалай Шаравар, - і такім чынам абгрунтоўваюць законнасць фактычнай дыскрымінацыі беларускамоўных грамадзян нашай краіны».

Кіраўнік салігорскай філіі ТБМ уважае за недапушчальнае такое стаўленне да беларускамоўных жыхароў і гасцей раёна. Наяўнасць хібаў у заканадаўстве, на думку Мікалая Шаравара, не з'яўляецца падставай для дыскрымінацыі.

Апошнія навіны