Украіна арыштавала маёмасць Беразоўскага
- 17.04.2013, 20:44
На запыт генпракуратуры Расеі Ўкраіна наклала арышт на акцыі і маёмасць кампаній, якія належалі Барысу Беразоўскаму.
Пра гэта паведаміў генпракурор РФ Юры Чайка, паведамляе ВВС.
Таксама, паводле ягоных слоў, улады Ліхтэнштайну арыштавалі рахункі былога кіраўніка Банка Масквы Андрэя Барадзіна.
Гэтыя звесткі ўтрымліваюцца ў дакладзе Чайкі, які ён падаў Радзе Федэрацыі.
67-гадовы Барыс Беразоўскі быў знойдзены мёртвым 23 сакавіка ў ваннай свайго дома ў мястэчку Аскот у графстве Беркшыра недалёка ад Лондана. Яго нечаканая смерць спарадзіла мноства чутак пра тое, што гэта магло быць забойствам.
У дакуменце генеральнай пракуратуры Расеі гаворыцца, што яна звярнулася да замежных дзяржаваў з просьбай паспрыяць вяртанню, як гаворыцца ў дакладзе, «актываў, атрыманых ад карупцыйных злачынстваў».
Дзяржаўная падатковая служба Украіны на даручэнне генеральнай пракуратуры пацвердзіла інфармацыю аб арышце нерухомасці і каштоўных папер нябожчыка Беразоўскага.
Усяго, са слоў Чайкі, быў накіраваны 61 запыт. У якія менавіта краіны, акрамя Украіны і Ліхтэнштэйна, звярталіся следчыя органы, ён не сказаў.
У дакладзе гаворыцца, што на Украіне накладзены арышт на «нерухомую маёмасць Бярозаўскага, а таксама вернута 110 мільёнаў рублёў ураду Самарскай вобласці і «Аэрафлоту», якія з'яўляюцца пацярпелымі ад яго злачыннай дзейнасці».
Чайка таксама сказаў, што судовыя органы княства Ліхтэнштэйн замарозілі больш чым 10 млн даляраў, дэпанаваныя Барадзіным на рахунку страхавой кампаніі.
У дакладзе таксама гаворыцца, што Княскі Зямельны суд Ліхтэнштайну наклаў арышт «на маёмасныя каштоўнасці Барадзіна, якія знаходзяцца на банкаўскіх рахунках у Швайцарыі, на суму больш за 10 млн даляраў».