BE RU EN

У Беларусі магчымая паўторная масавая дактыласкапія

  • 27.04.2013, 10:51

Юрыст Алег Воўчак упэўнены, што створаны ўказам Лукашэнкі Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз ня будзе незалежным.

Згодна з указам № 202, які 22 красавіка падпісаў правадыр, новая структура будзе створаная на базе экспэртных аддзелаў органаў унутраных спраў, органаў і аддзелаў надзвычайных сітуацый, Узброеных Сіл, Міністэрства юстыцыі, а таксама Дзяржаўнай службы медыцынскіх судовых экспэртыз, піша «Салiдарнасць».

Галоўнай задачай новай структуры абвешчанае якаснае павышэнне эфэктыўнасці дзяржаўнай судова-экспэртнай дзейнасці.

Кіраўніком Дзяржаўнага камітэта судовых экспэртыз прызначаны Андрэй Швед, які да гэтага займаў пасаду першага намесніка старшыні Следчага камітэта Беларусі.

Паводле звестак прэс-службы Лукашэнкі, стварэнне Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз дазволіць сканцэнтраваць фінансавыя сродкі, якія раней выдаваліся на дзяржаўную судова-экспэртную дзейнасць праз некалькіх міністэрстваў. Пры гэтым, у мэтах скарачэння дзяржаўных выдаткаў, колькасць супрацоўнікаў новага дзяржоргана будзе меншай у параўнанні з існай колькасцю экспэртных аддзелаў.

Алег Воўчак адзначае, што ў сувязі са стварэннем новай структуры (а плануецца, што камітэт судовых экспэртыз пачне сваю працу з 1 ліпеня), пытанняў з'яўляецца больш, чым адказаў.

«Рэфармаванне сілавых структур працягваецца ў Беларусі не першы год, - кажа ён. - Спачатку быў створаны Следчы камітэт, цяпер ладзяцца ствараць Дзяржкамітэт судовых экспэртыз. З аднаго боку, намер добры: скараціць штат, палепшыць матэрыяльную базу. Раней амаль у кожнай сілавой установы ў Беларусі быў свой аддзел для правядзення судовых экспэртыз. Узнікала блытаніна, ды і экспертызы часцяком праводзіліся так, каб дагадзіць вышэйшаму начальству. Усё рабілася для таго, каб не запляміць гонар мундзіра пэўнага міністэрства.

У тым, што ствараная структура будзе незалежнай, у мяне ёсць вялікія сумневы. Некалькі гадоў запар беларускія праваабаронцы выступаюць акурат за стварэнне незалежнай структуры.

Мы намагаем, што ў краіне павінны быць і прыватныя экспэртныя цэнтры. Экспэртыза ў кожнай крымінальнай справе – фактычна грунт абвінавачвання. Я не кажу, што ўсе экспэрты спрэс займаюцца фальсіфікацыямі, у органах дастаткова прафесіяналаў. Я кажу пра тое, што ў абвінавачанага ці падазронага павінна быць альтэрнатыва. На добры лад «экспэртны» камітэт павінен падпарадкоўвацца «цывільнай» установе, напрыклад Міністэрству юстыцыі. Але гэтага, мабыць, не адбудзецца - гэтая структура патрапіць пад дах Следчага камітэта, які бывае зацікаўлены ў тым ці іншым выніку крымінальнай справы...

Сцісла спынюся на асобе кіраўніка новай структуры. Андрэй Швед не з’яўляецца экспэртам-крыміналістам. Таму ягонае прызначэнне на кіраўнічую пасаду прадыктаванае болей асабістай адданасцю гэтага чалавека кіраўніцтву краіны. Нагадаю, менавіта ён вёў справу аб выбуху ў менскім метро. Справа, у якой дагэтуль засталося вельмі шмат «белых плям».

І апошняе, у сувязі са стварэннем Дзяржаўнага камітэта судовых экспэртыз, нельга выключаць таго, што ў Беларусі адбудзецца паўторная дактыласкапія ў маштабах усёй краіны. Раней, нібыта створаным «банкам звестак» адбіткаў пальцаў злачынцаў і законапаслухмяных грамадзян загадвала МУС. Цяпер жа сітуацыю могуць павярнуць так: калі структура новая, то і банк звестак трэба ствараць з нуля».

Апошнія навіны