«Росагромаш» абвінавачвае Менск у дыскрымінацыі
- 28.04.2013, 10:41
Расейская асацыяцыя вытворцаў сельгастэхнікі абвінаваціла Менск у нядобрасумленнай канкурэнцыі.
Пра гэта гаворыцца ў прэс-рэлізе "Беларусь адкрыта выступае супраць расейскай сельгастэхнікі". У прыватнасці, у ім сцвярджаецца, што дыскрымінацыйныя захады ў дачыненні да расейскіх вытворцаў маюць "сістэмны, рэгулярна паўторны характар".
У якасці прыкладу Расейская асацыяцыя вытворцаў сельгастэхнікі ("Росагромаш") прыводзіць абвешчаныя беларускай дзяржкампаніяй "Белаграсэрвіс" адкрытыя конкурсы на закупку сельгастэхнікі і абсталявання ў 2013 годзе ў рамках рэалізацыі рэспубліканскай праграмы забеспячэння сучаснай тэхнікай і абсталяваннем арганізацый аграпрамысловага комплексу на 2011-2015 гады.
У прыватнасці, мяркуецца закупіць збожжавыя камбайны для жніва кукурузы і рапсу (145 адзінак), кармавыя камбайны самаходныя з рухавіком магутнасцю да 300 к.с. (10 штук), камбайны самаходныя з рухавіком магутнасцю больш за 300 к.с. (275), паўпрычэпы спецыяльныя грузападымальнасцю не менш як 9 тон і ўмяшчальнасцю кузава не менш як 45 куб м для перавозкі сіласна-сянажнай масы ў колькасці (да 180) ды інш. Сума кантракту - больш за 2,3 млн даляраў ЗША.
"Расейскія сельгасмашынабудаўнікі з першых крокаў падрыхтоўкі дакументацыі сутыкнуліся з парушэннямі асноўных прынцыпаў пагаднення аб дзяржаўных і муніцыпальных закупках, якія дзейнічаюць у рамках фармавання АЭП, і нежаданнем беларускага боку дапускаць іх да ўдзелу ў тэндэры. Расейскія ўдзельнікі прызнаюць, што конкурсныя дакументы ў частцы тэхнічных патрабаванняў наўмысна складзеныя пад машыны беларускай вытворчасці", - гаворыцца ў паведамленні.
"Мы даўно сутыкаемся з дыскрымінацыйнымі ўмовамі на беларускім рынку, - заявіў старшыня рады дырэктараў" Росагромаша” Канстанцін Бабкін. - За апошнія тры гады нам не ўдалося прадаць у Беларусь ніводнага камбайна, тады як Расея ў рамках дзяржаўных праграм закупляе тысячы беларускіх машын. Патрабаванні цяперашняга конкурсу яшчэ раз дэманструюць нядобрасумленную канкурэнцыю з боку нашых партнёраў".
У прыватнасці, "Ростсельмаш" прапанаваў збожжавыя камбайны серыі ACROS коштам "на 15 і больш адсоткаў танней ад конкурснай прапановы" і паводле коштавага крытэру стаў пераможцам. Аднак тэхнічныя патрабаванні да камбайнаў у дакументацыі выкладзены "выключна пад тэхніку мясцовага вытворцы ВА "Гомсельмаш".
Асаблівае абурэнне ў расейскіх удзельнікаў выклікае такі крытэр ацэнкі конкурсных прапаноў для вытворцаў Саюзнай дзяржавы і краін Мытнага саюза, як узровень лакалізацыі вытворчасці конкурснага тавару ў суме 5%. Аднак такі крытэр ацэнкі "не можа прымяняцца да прадпрыемстваў Саюзнай дзяржавы і краін Мытнага саюза".
Рада дырэктараў "Росагромаш" аднадушнай пастановай зацвердзіла зварот да прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна, у якім просяць кіраўніка краіны ў самыя кароткія тэрміны запусціць праграму субсідавання вытворчасці сельгастэхнікі; спыніць субсідаванне і дзяржаўны лізінг замежнай, у тым ліку беларускай тэхнікі; пачаць дзяржаўнае фінансаванне экспарту сельгастэхнікі.