BE RU EN

Алег Воўчак: «Танная» міліцыя дорага абыходзіцца падаткаплатніку

  • 28.04.2013, 15:30

Рабаванне банка ў Любані сяржантам міліцыі кладзецца плямай на ўсіх супрацоўнікаў.

Пра гэта заявіў былы следчы пракуратуры, праваабаронца Алег Воўчак, каментуючы charter97.org рабаванне банка ў Любані супрацоўнікам Дэпартамента аховы МУС.

«Гэта пляма кладзецца на ўсю міліцыю. Сорамна за праваахоўныя органы, асабліва гэта турбуе ветэранаў МУС, бо і да іх грамадзяне будуць ставіцца з недаверам. Адны па-садысцку збіваюць людзей, іншыя грубіяняць кантралёрам грамадскага транспарту, якія патрабуюць ад іх аплаціць праезд, трэція крадуць у калгасе салому. Але вось і настаў час рабаваць банкі. Мне гэта нагадвае сюжэты з гангстэрскіх баевікоў 30-х гадоў. Магчыма, людзі наглядзеліся іх і пастанавілі, што такое пройдзе і ў Беларусі. У мяне выклікае ўсмешку прастата мыслення супрацоўнікаў міліцыі, бо такія злачынствы лёгка вылічаюцца. Першапачаткова напад быў занадта прымітыўным», - мяркуе юрыст.

Праваабаронца адзначыў, што яго турбуе факт учынення гэтага злачынства людзьмі, якія павінны ахоўваць банкі і забяспечваць іх бяспеку.

«Вось да чаго прывёў набор у міліцыю праз рэкламныя аб'явы. Падбор кадраў ідзе на фармальным узроўні, без цвёрдых праверак на прафесійную прыдатнасць. Хто прыйшоў, таго і ўзялі, бо людзі асабліва не імкнуцца працаваць у праваахоўных органах. Нялёгка будзе цяпер міністру Шуневічу, бо віна рабаўнікоў ускосна кладзецца і на кіраўніцтва МУС. Ці будуць ідэолагі чаўпці і далей пра тое, што наша міліцыя нас сцеражэ?

Такія збоі адбываюцца ў МУС, таму што міліцыі дазволілі рабіць супраць грамадства практычна ўсё: незаконныя ператрусы і канфіскацыі маёмасці, напады, збіццё і запалохванне. Заўважце, пры гэтым ніхто ні разу не панёс адказнасці. Вось яны і страцілі кантроль над тым, дзе можна перавышаць уладу, а дзе нельга. «Танная» міліцыя, дорага абыходзіцца падаткаплатніку. Трэба тэрмінова праводзіць сапраўдную мадэрнізацыю ўсёй праваахоўнай сістэмы, а не рабіць нейкія дэкаратыўныя змены», - упэўнены Алег Воўчак.

Нагадаем, 22 красавіка на аддзяленне «Белаграпрамбанка» у Любані быў учынены разбойны напад. Зламыснікі збілі супрацоўніка міліцыі, завалодалі яго табельнай зброяй, выкралі грошы і ўцяклі на інкасатарскім аўтамабілі.

Апошнія навіны