На «Прывалцы» затрыманы грузавік з распілаванымі легкавушкамі
- 13.05.2013, 17:08
Гродзенскія мытнікі спынілі спробу незаконнага ўвозу на тэрыторыю Мытнага саюза распілаваных на часткі легкавых аўтамабіляў.
Пра гэта паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта.
Пры правядзенні спецыяльных мерапрыемстваў мабільная група аддзела па барацьбе з кантрабандай Гродзенскай рэгіянальнай мытні ў рэспубліканскім пункце мытнага афармлення «Прывалка» прыпыніла рух грузавога аўтамабіля з таварам «аўтазапчасткі б/у». Паводле прадстаўленых дакументаў, увесь груз накіроўваўся з Германіі ў Казахстан.
Але мытны дагляд грузавога памяшкання транспартнага сродку паказаў, што ў ім, акрамя аўтамабільных запасных частак, заяўленых у таварасуправаджальных дакументах, перамяшчаюцца распілаваныя пярэднія часткі ад легкавых аўтамабіляў, аўтамабільныя шыны, ліхтары і люстэркі.
Груз, які перамяшчаўся незаконна, папярэднім ацэначным коштам больш за 420 млн рублёў канфіскаваны. Па гэтым факце мытняй пачаты адміністрацыйны працэс.