Асмужаную ў салярыі менчанку сыграла акторка
- 13.05.2013, 19:33
«Пацярпелая» збіраецца пісаць скаргу ў пракуратуру на сайт, дзе чытачы пакінулі дзясяткі абразлівых водгукаў.
Гісторыя менчанкі Алены Пеліпас проста скаланула інтэрнэт. У суботу, 11 траўня, тэлеканал СТВ на сваім сайце размясціў сюжэт з праграмы «Добро пожаловаться!». Дзяўчына ледзь не са слязьмі на вачах распавядала: перад паездкай у Турцыю яна наважыла трохі асмужыцца, і сяброўкі параілі ёй пахадзіць у салярый. Алена папярэдзіла адміністратара, што ўпершыню адпраўляецца пад штучнае сонца, але пры гэтым ўдакладніла: загарэць трэба хутка і адразу, бо да вылету засталося зусім крыху. У выніку, згодна з сюжэтам на ТВ, пасля 15-хвіліннага сеансу дзяўчына асмужылася! Перад камерай Алена Пеліпас паказвала чырвоныя рукі, асмужаны твар і заявіла: яна мерыцца патрабаваць кампенсацыю ад салярыя за сарваную паездку і сапсаваны выгляд. А вось каментара ад салярыя, які «давёў» дзяўчыну да такога стану, журналісты так і не прадэманстравалі.
«Комсомольская правда в Беларуси» паспрабавала адшукаць «пацярпелую» дзяўчыну, праз мабільнік адказаў яе ... мэнэджэр.
- Рэч у тым, што Алена ўсяго толькі сыграла гэтую гісторыю. Яна студэнтка, будучая акторка, журналісты самі звярнуліся да яе з просьбай выявіць іншую дзяўчыну. Сказалі, гісторыя рэальная, але не тлумачылі, чаму галоўная гераіня адмовілася ад здымак. Для Алены гэта праца не першая, яна перыядычна здымаецца ў розных праграмах, масоўках, эпізодах у кіно, але ўпершыню яе праца набыла такі развой, - каментуе Аляксандр, мэнэджэр Алены Пеліпас. - Мы дамаўляліся з СТВ, што ў тытрах будзе напісана «Алёна Пеліпас, акторка», але ў сюжэце яе выдалі за пацярпелую дзяўчыну. Калі гэтая навіна з'явілася на сайце канала, партал onliner.by, не пытаючыся дазволу, перадрукаваў яе - і тут пачалося. Чытачы, замест таго каб абмяркоўваць праблему салярыяў, сталі абражаць Алену. У яе адрас пасыпаліся дзясяткі негатыўных водгукаў. Ну, якой дзяўчыне будзе прыемна гэта чытаць? Мы звязваліся з сайтам, які перадрукаваў навіну, прасілі альбо прыбраць яе, альбо ўключыць мадэрацыю водгукаў, але нам адмовілі. Параіўшыся з юрыстамі, мы наважылі напісаць заяву ў гарадскую пракуратуру на інтэрнэт-рэсурс, які запазычыў чужы матэрыял, бо ён з'яўляецца ўласнасцю СТВ. А таксама прыцягнуць гэты сайт да адказнасці за абразы ў адрас Алены.
Дарэчы, у сюжэце нідзе не сказана, што ролю абгарэлай дзяўчыны грае акторка. Алена ўсюды праўдападобна распавядае гісторыю ад свайго імя, і ў гледача нават думкі не ўзнікае, што гэта падман.
- Алене далі тэкст, загрыміравалі, і яна працавала паводле сцэнару, - удакладняе мэнэджэр Аляксандр.
Прадстаўнік акторкі-пачаткоўкі сцвярджае, што за гэтую ролю Алене не заплацілі ні шэлега. Яна пагадзілася сыграць, абы ў яе партфоліё з'явілася яшчэ адна творчая праца. У дзесяціхвілінным сюжэце СТВ журналіст паразмаўляў з юрыстам, касметолагам, псіхолагам. Нават звярнуўся па каментар да адміністратара іншага салярыя, які распавёў, што для першага сеансу дастаткова 3 - 4 хвіліны.
«Камсамолка» звярнулася ў прэс-службу СТВ, аднак там каментаваць гісторыю не сталі.
На фотa Аленa Пеліпаc