Ланская прайшла ў фінал «Еўрабачання»
- 14.05.2013, 23:04
У Мальме прайшоў першы паўфінал міжнароднага музычнага конкурсу.
У ім, акрамя беларускай спявачкі, прымалі ўдзел прадстаўнікі Аўстрыі, Эстоніі, Славеніі, Харватыі, Даніі, Украіны, Нідэрландаў, Чарнагорыі, Літвы, Малдовы, Ірландыі, Кіпра, Бельгіі і Сербіі.
Усяго з кожнага паўфіналу выходзяць 10 выканаўцаў. У фінале да іх дадаюцца краіны «Вялікай пяцёркі» - Велікабрытанія, Францыя, Іспанія, Італія і Германія, а таксама прадстаўнік краіны-гаспадыні Швецыі. Па выніках галасавання гледачоў сёння ў фінал конкурсу выйшлі выканаўцы з Беларусі, Эстоніі, Даніі, Расеі, Украіны, Бельгіі, Літвы, Ірландыі, Нідэрландаў, Малдовы.
«Еўрабачанне-2013» праходзіць у комплексе «Мальме арэна», які быў пабудаваны ў 2008 годзе і месціць 15,5 тыс гледачоў. У конкурсе прымаюць удзел прадстаўнікі 39 краін. Вядучая шоў - вядомая ў Швецыі камедыйная актрыса Петра Мядэ.
Алёна Ланская - Solayoh (Беларусь)
Першы паўфінал песеннага конкурсу Еўрабачанне 2013 адкрыла выступленне шведскай спявачкі Ларын з глуханямымі дзецьмі. Песня, якая ў мінулым годзе прынесла Ларын перамогу, загучала па-новаму кранальна ў выкананні дзіцячых галасоў. 68 дзяцей са слабым слыхам і зрокам спявалі і перакладалі песню на мову жэстаў.
Перад выступленнем Алены Ланской некаторыя каментатары нагадалі пра скандал, у які спявачка трапіла ў мінулым годзе падчас нацыянальнага адборачнага конкурсу. Нагадаем, яго вынікі былі адмененыя з-за фальсіфікацый.
Другі паўфінал пройдзе ў чацвер, 16 траўня, а фінал адбудзецца ў суботу, 18 траўня.
Эмілі дэ Форэст - Only Teardrops (Данія)
Біргіт Ыйгемеэль - Et uus saaks alguse (Эстонія)
Злата Огневіч - Gravity (Украіна)
Дзіна Гарыпава - What if (Расея)
Андрус Паявіс - Something (Літва)
Раберта Белароза - Love Kills (Бельгія)
Раян Долан - Only Love Survives (Ірландыя)
Алёна Мун - O mie (Малдова)
Анук - Birds (Нідэрланды)