BE RU EN

Кубінскае радыё пра «Жыве Беларусь!»: Важны фільм для змагароў з дыктатарамі

  • 21.05.2013, 9:18

Незалежнае кубінскае радыё «Марці», якое вяшчае з ЗША, расказала пра фільм «Жыве Беларусь!».

Артыкул, які апублікаваў сайт радыёстанцыі, называецца «У Беларусі, як на Кубе». Яго тэкст прыводзіць «Радыё Свабода»:

«Карыстальнікі інтэрнэту, якія знаходзяцца ў Еўропе, ужо могуць паглядзець фільм «Жыве Беларусь!», які быў зняты польскім рэжысёрам Кшыштафам Лукашэвічам. Гэта першы фільм пра беларускі супраціў у краіне, дзе жалезнай рукой кіруе Лукашэнка - адзін з любімых кампаньёнаў братоў Кастра ў Еўропе, якому ўжо не раз рассцілалі чырвоны дыван у аэрапорце «Хасэ Марці» ў Гаване.

Беларускія апазіцыянеры змагаюцца, каб раскрыць сітуацыю з правамі чалавека ў краіне, якая цесна супрацоўнічае з Расеяй і знаходзіцца пад кантролем Уладзіміра Пуціна, дзе КДБ яшчэ не памёр і працягвае выкарыстоўваць свае хітрыя метады. Адна з актуальных мясцовых праблем - верагоднасць стварэння новай расейскай авіябазы.

«Жыве Беларусь!» распавядае гісторыю маладога музыкі. Яго забіраюць у войска пасля таго, як на адным з менскіх канцэртаў яго гурта натхнёная песнямі моладзь пачынае скандаваць «свабода». Апрануты ў футболку з выявай Чэ Гевары, галоўны герой распавядае, што на канцэртах забаронена казаць пра палітычныя, эканамічныя і сацыяльныя праблемы, але слова «рэвалюцыя» можна казаць, калі на табе футболка з Чэ, тады гэта гучыць як заклік да сацыялістычнай рэвалюцыі, да статусу-кво і захавання ўлады ў руках эліты.

Такім чынам, футболка - гэта маска, якая вобразна перадае жаданне агульнай рэвалюцыі як з боку гурта, так і з боку тых, хто прыйшоў на канцэрт. Жаданне рэвалюцыі ў сваёй роднай краіне, жаданне пакончыць з тыраніяй Лукашэнкі і з тым, што адбываецца падчас яго кіравання. Публіка ўздымае беларускі сцяг, які цяпер забаронены і заменены іншым, які нагадвае аб савецкім мінулым. Малады спявак не можа зразумець, чаму публіка неўзабаве пачала скандаваць «свабода», і перажывае, што можа адбыцца, калі гэта не спыніць. Таму ён просіць усіх схаваць сцягі і нагадвае ўсім, што канцэрт ператвараецца ў нелегальную акцыю. У залу урываюцца спецслужбы, чуваць выбухі, памяшканне запаўняецца дымам.

Фільм поўны своеасаблівых момантаў, якія паказваюць розныя рэпрэсіі, пра існаванне якіх ніхто не мог бы і падумаць у сучаснай Еўропе. Тых, хто паўстае супраць рэжыму, не толькі збіваюць, але і публічна ганьбяць. У адным з момантаў фільма паказваюць, як у кватэру адной маладой журналісткі ўрываюцца агенты КДБ, усё ламаюць і сілай укалваюць ёй наркотык, які робіць яе падобнай на зомбі, а потым здымаюць на відэа. Гэта відэа пасля перадаюць па нацыянальным тэлебачанні для таго, каб паказаць, як жывуць маладыя апазіцыянеры. А хто не паверыць тэлебачанню?

У фільме «Жыве Беларусь!» вялікую ролю гуляюць новыя тэхналогіі, як інструменты дзейнасці апазіцыі. Мабільныя тэлефоны ператвараюцца ў галоўныя атрыбуты камунікацыі і барацьбы для тых, каго ўлада хоча падзяліць і ізаляваць. Падзеі, якія адбываюцца ў фільме, павялічваюць не толькі абурэнне гледачоў, але і іх жаданне быць побач з тымі, хто змагаецца з аўтарытарным рэжымам і хто сустракаецца з падобнымі сітуацыямі кожны дзень.

У любым выпадку «Жыве Беларусь!» важны для тых, хто заклапочаны сітуацыяй у такіх краінах, як Куба, дзе не шануюцца асноўныя правы чалавека, дзе ўлада і яе органы ператвараюцца у ворагаў сваіх жа грамадзян».

Апошнія навіны