Куды знікла зарплата даярак ў 600 даляраў?
- 21.05.2013, 10:29
Беларускія даяркі скардзяцца на жабрацкую зарплату ў Br1,3 мільёны.
З вёскі Селішча Чэрыкаўскага раёна на гарачую лінію газеты «Звязда» звярнулася са скаргай на нізкую зарплату жанчына - аператар машыннага даення, якая працуе ў СВК «Язерскі». Заяўніца сцвярджае, што за апошнія месяцы яе зарплата ў сярэднім складала па 1,3 млн рублёў. Работнікі не ведаюць расцэнак і не разумеюць, адкуль бяруцца канчатковыя лічбы налічанай заработнай платы.
Ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання Чэрыкаўскага райвыканкама запэўнілі, што паказчыкі працы работнікаў гаспадаркі вывешваюцца для азнаямлення штомесяц. А потым даслалі падрабязны разлік заработнай платы аператара машыннага даення за адзін з месяцаў.
Норма загрузкі для гэтага работніка склала ў гэтым месяцы 40 галоў. Расцэнкі на момант звароту былі агучаныя наступныя: за адзін цэнтнер малака гатунку экстра і вышэйшага гатунку - 7000 рублёў, за першы гатунак - 5385, за другі - 3000. Грамадзянкай-пакрыўджанай у «справаздачны» перыяд было надоена 44,79 цэнтнера малака гатунку экстра і вышэйшага гатунку, 2,187 цэнтнера - першага гатунку і 17,22 цэнтнера - другога. У выніку з улікам вышэйназваных расцэнак работніцы за надой малака было налічана 482 959 рублёў.
За ўтрыманне адной цялушкі плацяць 7545 рублёў. «У гэтай групе было 16 галоў», - растлумачылі спецыялісты.
У выніку за месяц жанчыне даналічана яшчэ 120 720 рублёў. За прывагу цялятаў прафілакторнага перыяду да 20-дзённага ўзросту з улікам існуючых расцэнак (а прыбаўленне ў вазе склала 1,2 цэнтнера) налічана было 153 622 рубля. З улікам святочных дзён, класнасці (151 460 рублёў), каэфіцыента працоўнага ўдзелу (50% - 378 650 рублёў), даплаты за стаж (8% - 39 360 рублёў) выніковая сума заработнай платы за месяц склала 1 435 620 рублёў.
Нагадаем, яшчэ ў 2006 годзе, падчас прэс-канферэнцыі для расейскіх журналістаў, Аляксандр Лукашэнка распавёў, што даяркі ў Беларусі атрымліваюць 600 даляраў.