Бішкек прызначыць амбасадара ў Мінск толькі пасля выдачы Бакіевых
- 21.05.2013, 12:57
Беларускі бок пайшоў на перамовы з нагоды экстрадыцыі былога прэзідэнта Кыргызстана і яго сям'і.
Амбасадары Кыргызстана ў Беларусь і Велікабрытанію будуць прызначаныя пасля таго, як у гэтых краінах вырашацца пытанні аб экстрадыцыі на радзіму былога прэзідэнта Курманбека Бакіева, яго малодшага брата Жаныбека (Жаныша) Бакіева, а таксама малодшага сына былога прэзідэнта Максіма Бакіева, паведаміла ў аўторак «Інтэрфаксу» крыніца ў дыпламатычных колах Кыргызстана.
Суразмоўца агенцтва нагадаў, што пасля звяржэння ўлады ў Кыргызстане ў красавіку 2010 года Бакіеў пражывае ў Беларусі. Там жа можа знаходзіцца яго малодшы брат, былы начальнік прэзідэнцкай аховы Жаныш Бакіеў.
Беларусь у мінулым годзе адмовіла ў яго выдачы.
Максім Бакіеў з красавіка 2010 пражывае ў Велікабрытаніі, якая таксама адмовіла Кыргызстану ў яго экстрадыцыі.
«Беларускі бок пайшоў на перамовы, мы аптымістычна глядзім на гэты працэс, і будзем спадзявацца, што прынятыя рашэнні (у дачыненні да Бакіевых) вернуць адносіны дзвюх краін на ранейшы ўзровень і нават нададуць ім новы імпульс», - сказаў суразмоўца агенцтва.
Ён дадаў, што «ў Кыргызстане не разумеюць пазіцыі Велікабрытаніі, і заклапочаныя тым, што краіна, якая мае працяглую дэмакратычную гісторыю, не выдае злачынца, асуджанага на радзіме за здзяйсненне цяжкіх злачынстваў».
Бакіеў і яго малодшы брат абвінавачваюцца на радзіме ў здзяйсненні шэрагу цяжкіх злачынстваў, у тым ліку расстрэле мітынгу ў цэнтры Бішкека 7 красавіка 2010 года, і абодва былі асуджаныя завочна на доўгія тэрміны зняволення за забойства былога кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Медэта Садыркулава.
Малодшы сын былога прэзідэнта Максім Бакіеў абвінавачваецца ў Кыргызстане ў здзяйсненні злачынстваў у сферы эканомікі, і ў сакавіку быў завочна прысуджаны да 25 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.