Лукашэнка абвінаваціў Расею ў фальсіфікацыі балаў на «Еўрабачанні»
- 21.05.2013, 13:42
Беларускі дыктатар пракаментаваў вынікі «Еўрабачання».
Адбылося гэта на сустрэчы з адоранымі навучэнцамі, студэнтамі і таленавітай моладдзю, дзе прысутнічала і беларуская ўдзельніца конкурсу «Еўрабачанне» ў шведскім Мальме Алёна Ланская, перадае БелТА.
«Як бы ні выступіў наш прадстаўнік на такіх публічных мерапрыемствах, якія глядзяць мільёны гледачоў, мы павінны гэта вельмі і вельмі шанаваць. Тым больш што наша дзяўчына выглядала вельмі выгадна ў многіх адносінах на гэтым конкурсе. Але заўсёды трэба спакойна ўспрымаць падобныя вынікі», - лічыць Лукашэнка.
«Я ведаю, Алёна, тваю рэакцыю на вынікі галасавання ў Расеі. Можаш у свой актыў запісаць 12 балаў, не менш, - сказаў Лукашэнка, звяртаючыся да спявачкі. - Гэта сведчыць пра тое, наколькі падобны конкурс не проста палітызаваны, а наколькі ён фальсіфікаваны. Больш за тое, хто сочыць за сродкамі масавай інфармацыі, убачылі на прыкладзе адной з краін - там ужо разгарэўся цэлы скандал з нагоды фальсіфікацыі вынікаў галасавання. Я ўжо не кажу пра галасаванне па геаграфічным прынцыпе».
«Таму трэба ўсё ўспрымаць спакойна, аб'ектыўна, слухаць і атрымліваць асалоду ад музыкі і выканаўцаў. Я абсалютна не хачу ў чымсьці западозрыць або прынізіць ролю пераможцы. Сапраўды, дзяўчына з Даніі была вельмі добрая і нумар яе быў прыгожы, але не менш прыгожая была і наша дзяўчына. Таму прапаную спакойна ставіцца да вынікаў падобных галасаванняў», - адзначыў Лукашэнка.
Прадстаўніца Беларусі на конкурсе «Еўрабачанне-2013» Алёна Ланская заняла 16-е месца. Усяго яна атрымала 48 балаў. Самую высокую ацэнку - 12 - Беларусі і яе прадстаўніцы Алене Ланской паставілі ва Украіне. За Беларусь таксама прагаласавалі Ізраіль (3 бала), Малдова (4), Азербайджан (7), Арменія (5), Мальта (2), Грэцыя (1), Чарнагорыя (3), Грузія (5), Македонія (5), Літва (1).