BE RU EN

Банк: «Калі кліента не знойдзем, то $ 20700 будзе вяртаць касір»

  • 21.05.2013, 19:37

Мужчыну, якому памылкова выдалі ў абменніку 23 тысячы даляраў, немагчыма будзе пакараць за тое, што ўзяў лішнія грошы.

- Наша супрацоўніца да гэтага часу не разумее, як гэта адбылося. Падзеі адбываліся ў суботу, 18 траўня, працоўны дзень заканчваўся, і, мабыць, дзяўчына стамілася. Да акенца падышоў кліент і папрасіў абмяняць на беларускія рублі 2300 даляраў, а супрацоўніца банка выдала яму суму эквівалентную 23 тысячам даляраў. Мужчына забраў лішніх 170 мільёнаў і шчаслівы пайшоў, - распавядае падрабязнасці «Комсомольской правде в Беларуси» адзін з супрацоўнікаў банка, у якім адбылося надзвычайнае здарэнне.

Інцыдэнт здарыўся на рынку ў Ждановічах, і літаральна праз пару гадзін банк выявіў нястачу. Тут жа выклікалі міліцыю, канфіскавалі запісы з камер назірання. Фота кліента, які ўмомант стаў багатым, праваахоўныя органы апублікавалі ў інтэрнэце з просьбай дапамагчы знайсці невядомага мужчыну. Акрамя гэтага, у віртуальнай сетцы з'явіўся ролік, дзе відаць, як мужчына некалькі хвілін стаіць у чарзе ў абменны пункт. Знайшліся і тыя, хто засумняваўся: ці ён забраў гэтыя грошы?

- У нас устаноўлена некалькі камер. Ёсць запісы, дзе відаць, якую суму кліент мяняў і як супрацоўніца адлічвала яму купюры. Таксама ёсць аўдыёзапіс, - тлумачаць у аддзяленні банка. - Вядома, у першую чаргу памылку дапусціла дзяўчына. Цяпер яна часова адхіленая ад працы, вельмі перажывае. Бо калі мужчыну не знойдуць, то яна, як матэрыяльна адказная асоба, будзе вяртаць усю суму. Ну і мужчына адназначна разумеў: яму даюць значна больш грошай, чым трэба. Праглядаючы відэа бачна, як касірка дае яму некалькі пачкаў. Усе грошы адразу ў латок не змясціліся, таму рублі выдаваліся яму ў два заходы. Да прыкладу, калі выдаваць 200-тысячнымі купюрамі, то гэта восем пачкаў.

Пра супрацоўніцу, якая дапусціла памылку, у банку кажуць няшмат: «Дзяўчына да 30 гадоў, з досведам працы. Што цікава, кліент не нясе ніякай адказнасці за гэтую сітуацыю. Усе размовы аб тым, што яго можна пакараць за прысваенне, ня слушныя. Вельмі складана будзе давесці, што ў яго быў намер атрымаць гэтыя грошы. А тым часам банк нават паабяцаў узнагароду таму, хто падкажа, хто гэты мужчына?

- Мы ўсе разумеем, адбылася памылка. Але хіба грошы, атрыманыя такім шляхам, зробяць шчаслівым гэтага чалавека? У кожнай сітуацыі трэба заставацца чалавекам, і тады гэтыя грошы да цябе вернуцца, - рэзюмуюць у банку.

Апошнія навіны