Нямецкі экспэрт: Рады, што аўтакраты пацярпелі паразу на «Еўравізіі»
- 21.05.2013, 20:46
Вядучы нямецкі экспэрт у пытаннях «Еўравізіі» Ян Фэдэрсэн заявіў, што рады перамозе Даніі ў конкурсе і паразе «ўсходнееўрапейскіх аўтакратый».
Па заканчэнні «Еўравізіі-2013», што скончылася ў шведскім горадзе Мальме, Deutsche Welle папрасіла пракаментаваць вынікі вядучага нямецкага экспэрта ў гэтаму конкурсе Яна Фэдэрсэна (Jan Feddersen). У інтэрв'ю ён прызнаў артыстычныя заслугі ўдзельнікаў «Еўравізіі» ад Азербайджана, Украіны і Расеі, але выказаўся супраць правядзення конкурсу ў гэтых краінах у тым выпадку, калі б іх прадстаўнікі перамаглі.
- Спадар Фэдэрсэн, як вы ацэньваеце перамогу Даніі ды іншыя вынікі «Еўравізіі-2013»?
- Гэта чаканая перамога. Гэта кшталту эстэтычны кампраміс большасці еўрапейскіх краін. Данійка Эмэлі дэ Форэст атрымала балы з усіх краін, акрамя Сан-Марына. Данія заняла першае месца, апярэдзіўшы Азербайджан ды Украіну. Характэрна, што пры гэтым было шмат краін, якія не далі аніводнага бала ні азербайджанцу Фарыду Мамедаву, ні ўкраінцы Злаце Огневіч. Я рады таму, што перамагла Данія. Гэта значыць, што ў наступным годзе конкурс «Еўравізія» пройдзе ў той жа часткі Еўропы, што і ў 2013 годзе.
А гэта тая Еўропа, дзе і ў тэорыі, і на практыцы дзейнічаюць самыя высокія стандарты грамадзянскай супольнасці, чаго не скажаш пра Азербайджан ці Украіну. Я вельмі рады, што абедзве гэтыя краіны не перамаглі ў конкурсе. Вядома, нельга не прызнаць: выступы ўдзельнікаў з Азербайджана, Украіны, а таксама з Расеі, якая заняла пятае месца, адпавядалі самым высокім стандартам.
Але не варта зноў даваць магчымасць Азербайджану, Расеі, ды і той жа Украіне правесці «Еўравізію». Бо кіраўнічыя ў гэтых краінах рэжымы выкарыстоўваюць конкурс для таго, каб на час накінуць на сябе мантыю дэмакратыі. Таму я рады, што Данія стрымала іх націск, рады чацвёртаму месцу Нарвегіі і таму, што ўсходнееўрапейскія аўтакратыі ў гэтым годзе засталіся без прэстыжных узнагарод.
- Выходзіць Еўрапейскаму вяшчальнаму звязу, які праводзіць конкурс «Еўравізія», варта задумацца аб захаванні правоў чалавека ў краінах-чальцах, як гэта робіць Рада Еўропы?
- Прадстаўнікі тэлеканала ARD (нямецкая грамадска-прававая тэлерадыёкампанія, адказная за трансляцыю і правядзенне «Еўравізіі» ў Нямеччыне) яшчэ ў 2012 годзе перад конкурсам у Баку заявілі, што ў выпадку перамогі Беларусі канал не будзе браць удзел у «Еўравізіі» ў Менску. Гэта сказаў галоўны рэдактар забаўляльных праграм ARD Томас Шайбэр (Thomas Scheiber). І не думаю, што ён зрабіў гэтую заяву, не параіўшыся з кіраўніцтвам ARD.
І гэтую логіку варта развіваць далей. Еўрапейскі вяшчальны звяз павінен даваць усім краінам магчымасць удзельнічаць у конкурсе. Але гэтая арганізацыя, таксама як і Рада Еўропы, павінна сачыць за тым, каб у краінах, якія праводзяць конкурс, выконваліся базавыя прынцыпы правоў чалавека і дэмакратыі, прынятыя на кантыненце.
Гэта важна. У наступныя дзесяць гадоў варта чакаць заявак на ўдзел у конкурсе ад краін «арабскай вясны». Бо некаторыя з іх ужо з'яўляюцца чальцамі Еўрапейскага вяшчальнага звязу. І ім трэба будзе сказаць: сардэчна запрашаем, але майце на ўвазе, што ў конкурсе бярэ ўдзел Ізраіль. І падчас выступлення яго прадстаўніка вы не маеце права перапыняць трансляцыю або чыніць перашкоды.
І гэтыя краіны павінны адпавядаць еўрапейскім дэмакратычным стандартам. «Еўравізія» - гэта стракаты кацёл з прадстаўнікоў розных культур, журналістаў, фанатаў, якія не павінны адчуваць ніякіх абмежаванняў - ні ў дачыненні доступу да інтэрнэту, ні ў дачыненні да таго, як і якім чынам яны сустракаюцца адзін з адным.
Еўрапейскі вяшчальны звяз павінен уключыць у свой статут артыкул, які прадугледжвае санкцыі за парушэнне дэмакратычных прынцыпаў. І хай некаторыя ўспрымуць гэтую папраўку як дыскрымінацыйную. Але парушэнне такіх прынцыпаў не павінна заставацца беспакараным.
- З іншага боку, калі «Еўравізія» праходзіла ў Баку, еўрапейскія СМІ падрабязна асвятлялі палітычную сітуацыю ў Азербайджане. Сітуацыя ў гэтай краіне да таго часу іх асабліва не цікавіла...
- Дыскусія аб захаванні правоў чалавека ў Азербайджане ня прынесла плёну. Нямецкія журналісты адкрылі для сябе гэтую тэму толькі таму, што ў іх не выклікаў асаблівай цікавасці Раман Лоб (Roman Lob), які прадстаўляў Нямеччыну на «Еўравізіі-2012» у Баку. Вось яны і зацікавіліся палітычнай сітуацыяй краіны-гаспадыні конкурсу.
Я ўважаю за станоўчы той факт, што табар «Еўравізіі» зрабіў у свой час прыпынак у Баку. Яго ўдзельнікі былі сапраўды ласкава прынятыя. Але я прыйшоў да высновы, што не варта праводзіць «Еўравізію» ў тых краінах, дзе кіруюць аўтакратычныя рэжымы.