СК раіць збітаму міліцыяй вартаўніку перапісаць тры тома справы
- 22.05.2013, 9:35
Следчы камітэт імкнецца зацягнуць расследаванне фактаў катаванняў у РУУС Ленінскага раёна Менска.
У прыватнасці, збітаму супрацоўнікамі гэтага РУУС Васілю Сарочыку перашкаджаюць у азнаямленні з матэрыяламі крымінальнай справы ў дачыненні да міліцыянтаў. Відавочна разумеючы, што гэтыя матэрыялы не вытрымаюць крытыкі грамадскасці, следчыя папросту забаранілі яму рабіць фотакопіі, падаўшы толькі магчымасць перапісаць уручную тры тома дакументаў, паведамляе сайт праваабарончай арганізацыі «Платформа».
Пры гэтым старэйшы следчы аддзела крыміналістычнага і метадалагічнага забеспячэння ўпраўлення арганізацыі расследавання злачынства і каардынацыі аператыўна-службовай дзейнасці УСК па Менску маёр юстыцыі Чыхінскі П.В. нават не стаў матываваць падобнае рашэнне. Ён проста забараніў пацярпеламу рабіць любыя копіі матэрыялаў.
Само па сабе перапісванне трох тамоў выглядае, мякка кажучы, здзекліва, а калі ўлічыць, што там знаходзяцца фатаграфіі, схемы і дадзеныя экспертыз, то іх «перапісванне» не дае роўным лікам нічога для жадаючага з імі азнаёміцца.
Ствараецца ўражанне, што Следчы камітэт прадпрымае ўсе магчымыя спробы захаваць у таямніцы расследаванне крымінальнай справы.
Нагадаем, у лістападзе мінулага года стала вядома, што вартаўніка менскай аўтастаянкі Васіля Сарочыка 6 гадзін катавалі ў Ленінскім РУУС Менска, выбіваючы прызнанне ў крадзяжы. Для большай эфектыўнасці «следчых» мерапрыемстваў міліцыянты выкарыстоўвалі дубінкі і кайданкі, а калі «злачынец» губляў прытомнасць, яго аблівалі халоднай вадой.