Шакуцін: «Пра тое, што Расея не паставіць нам балы, я ведаў загадзя»
- 22.05.2013, 12:10
Алігарх Шакуцін распавёў, у колькі яму абышлася падрыхтоўка Алены Ланской да «Еўрабачання-2013».
Аляксандр Шакуцін не даваў інтэрв'ю з канца 90-х. Пасля таго, як у Швецыі выступіла Алёна Ланская, бізнесмен і адзін са спонсараў беларускай удзельніцы на «Еўрабачанні» зрабіў выключэнне, пагадзіўшыся на інтэрв'ю.
«Комсомольской правде в Беларуси» старшыня Савета дырэктараў ААТ «Амкадор» - кіруючая кампанія холдынгу» распавёў пра тое, як размяркоўваюцца галасы на конкурсе і чаму ён вырашыў фінансаваць беларускую эстраду.
«Раней я глядзеў «Еўрабачанне» з алоўкам»
- Аляксандр Васільевіч, як вам «Еўрабачанне» гэтага года?
- Карцінка была цудоўнай. Для гледачоў усё прайшло выдатна. Шведы выкарыстоўваюць у шоў самыя сучасныя тэхналогіі. Нашаму тэлебачанню трэба іх пераймаць.
- Вы за каго-небудзь галасавалі?
- Раней я сапраўды сядзеў з алоўкам у тэлевізара, ставіў ацэнкі і параўноўваў, наколькі маё меркаванне супадае з меркаваннем гледачоў і журы. Але ў гэтым годзе за шоў я сачыў прадузята. Ацэньваў, наколькі наша прадстаўніца Алёна Ланская адпавядае тым стандартам, якія дэманструюць іншыя. Я быў захоплены цалкам самой пастаноўкай і ацэнкай песні, таму за іншых не прагаласаваў.
- І як Ланская, адпавядала?
- Я абсалютна ўпэўнены, што недзе мы нават пераўзыходзілі еўрапейскія стандарты. У нас было самае яркае і цікавае шоў. Па вопратцы і макіяжы мы пераўзыходзілі многіх удзельнікаў. Песня была таксама досыць цікавай. Ва ўсякім разе, не было той тужлівасці, якую дэманстравала ў гэтым годзе Еўропа.
- Але ў выніку Алена заняла 16-е месца ў фінале. Вынікам вы засталіся задаволеныя?
- Задача, якую я ставіў камандзе Алены, - гэта выхад у фінал. Для нас гэта была перамога! Калі шчыра, я не думаў, што еўрапейцы змогуць прапусціць Беларусь у фінал. На гэта ёсць розныя прычыны, у тым ліку і палітычныя. Я разумеў, што за гэтыя тры гады ў конкурсе ўтварыліся свае паміжсабойчыкі, якія ўсё вырашаюць. Нездарма ж я аналізаваў, як і за каго галасуюць краіны. Памяняць гэтую заканамернасць у карысць Беларусі практычна немагчыма - для гэтага трэба ўдзельнічаць не адзін год і з адной і той жа камандай. Па маіх ацэнках, наша песня далей дзясятага месца не павінна была прайсці.
- Як толькі Алёна прайшла ў фінал, вы адразу ёй патэлефанавалі, павіншавалі…
- Я сапраўды шчыра парадаваўся за поспех і сказаў ёй, што яна малайчына. Таму што для мяне гэта таксама была нечаканасць. Я не верыў, што пры той сістэме галасавання, якая ёсць на «Еўрабачанні», наогул магчыма сумленна прайсці ў фінал. Чалавек, які аб'яўляе балы, проста іх называе, і ніхто ў краіне, у тым ліку і прафесійнае журы, не ведае, як менавіта галасавалі гледачы і журы. Гэта трымаецца ў строгай таямніцы. Пра гэта немагчыма даведацца. Усе галасы - ад гледачоў і ад журы - адпраўляюцца ў нямецкую кампанію Digame - яна іх неяк размяркоўвае і выдае вынік. Як гэта зразумець? Я не думаю, што ёсць чалавек у свеце, які можа раскрыць таямніцу галасавання на «Еўрабачанні».
- Вы думаеце, нехта кажа, які менавіта вынік трэба выдаць?
- Гэта як у казіно - як ні круці, а ты ўсё роўна прайграеш. Усе загадзя вызначана, г.зн. выйграе ўсё роўна казіно. Так і ў гэтай сітуацыі. Букмекеры ў еўрапейскіх краінах забіваюць нам у галаву, што пераможа канкрэтны артыст, а гэта далёка не заўсёды аб'ектыўна. І больш моцныя прайграюць вось гэтай закладзенай ужо ў нашы галовы, фактычна насаджанай думцы.
- Калі вы не верыце ў сістэму галасавання, навошта тады адправілі Алену Ланскую на конкурс?
- Па-першае, сам конкурс - гэта адно з самых грандыёзных шоў у Еўропе. Таму проста паўдзельнічаць у гэтым шоў - велізарны поспех і вопыт для артыста. Пасля гэтага конкурсу артыст мяняецца, і думаю, ён будзе зусім па-іншаму спяваць.
- Аляксандр Лукашэнка таксама павіншаваў Алену Ланскую?
- Так, наколькі мне вядома, пасля паўфіналу Аляксандр Рыгоравіч павіншаваў Алену з выхадам у фінал. Ён разумеў, што перад ёй стаіць вельмі складаная задача. Калі мы зараз параўноўваем выхад у фінал Калдуна і выхад у фінал Алены - гэта зусім розныя два выхады ў фінал.
- А ў чым розніца?
- Змянілася стаўленне да Беларусі. Яно становіцца больш прадузятым.
- Але ж ладна еўрапейцы. А як вам нуль балаў ад Расеі?
- Пра тое, што нам Расея паставіць нуль, я быў папярэджаны загадзя - атрымаў гэтую інфармацыю ад расейскіх калег. Нашы расейскія сябры сказалі, што на адказным за трансляцыю тэлеканале (Першы расейскі канал. - Рэд.) прынятае рашэнне, што яны не будуць беларусам балы ставіць, бо беларусы ўсё роўна Расеі балы аддадуць. Маўляў, са сваімі мяняцца не станем, а лепш гэтую працу правядзем з заходнімі краінамі. І калі краіны Скандынаўскага рэгіёну, Балтыйскія краіны, паўднёвыя дзяржавы мелі за спіной суседзяў, маглі разлічваць на балы і атрымалі іх - гэта выразна можна прасачыць па выніках, то расейскі тэлеканал суседскае галасаванне звярнуў выключна ў сваю карысць... Я абсалютна ўпэўнены, што расейскі народ, які галасаваў на сайтах за беларускую выканаўцу і ставіў яе ў лік лідараў, не мог так раптам змяніць сваё меркаванне. Гэта не меркаванне расейскага народу, гэта гульня тэлеканала.
«На падрыхтоўку да «Еўрабачання» мы выдаткавалі 265 274 еўра»
- Чаму вы, бізнесмен, надаеце столькі ўвагі «Еўрабачанню»?
- Калі я сёння займаюся так званым беларускім шоў-бізнесам, у якім няма ні шоў, ні бізнесу, то я, як спонсар праекту, павінен усё вывучыць сам. Я ведаю стан беларускай і, можа быць, сусветнай эстрады, а «Еўрабачанне» - гэта кавалачак у агульным працэсе. З 39 краін-удзельніц наша Беларусь заняла 16-е месца - так можна ацаніць, на якім месцы знаходзіцца наша культура.
- Ну, песня Алены далёкая ад беларускай культуры…
- Гэта памылка. Мы паказалі не толькі песню, а паўнавартасны сцэнічны прадукт. Рыхтавала Алену беларуская каманда. Промапрадукцыю рабіла малады дызайнер, фатограф Ганна Гарбачэўская. Яна гарэла ідэяй добра паказаць Беларусь у Еўропе. Усе ідэі з пастаноўкай нумара, яе ўвасабленнем, належаць нам, беларусам. Наш Зміцер Баранаў праявіў сябе як лепшы прадзюсар у нашай краіне. А тое, што мы нанялі ў балет і на бэк-вакал нашых братоў з Сербіі, - проста ў нас мы не знайшлі бэк-вакалістаў, якія могуць адразу танцаваць і спяваць. Мы набылі такі вопыт, які дазволіць нам падрыхтаваць да конкурсу любога артыста і знайсці тыя вузкія месцы, з якімі трэба папрацаваць.
- Пасля таго як вы столькі грошай уклалі ў Ланскую, можа, і іншыя беларускія зоркі звярталіся да вас за спонсарскай дапамогай?
- Я не збіраюся нікога прадзюсаваць ці каму-небудзь дапамагаць. У мяне ёсць выдатныя артысты - і Дарыя, і Аляксей Грос, і Іван Буслай, і Яўген Славіч. Так, шмат хто хоча прыйсці ў наш прадзюсарскі цэнтр Спамаш, у тым ліку і вядомыя артысты. Але ідэалогія нашага цэнтра - дапамагаць маладым, нікому не вядомым выканаўцам. Мы яшчэ пераможам на «Еўрабачанні». Мы ведаем сакрэт перамогі на гэтым конкурсе!
- Гэта значыць, вы адправіце на конкурс яшчэ аднаго спевака?
- У наступным годзе, магчыма, адзін-два нашых выканаўцы прымуць удзел у нацыянальным адборы, але не для таго, каб перамагаць, а для вопыту! Таму што той жа беларускі адбор - гэта добрая магчымасць маладым артыстам заявіць пра сябе.
- Але конкурс - гэта яшчэ і вялікія грошы. Казалі, што вы мільярды патрацілі…
- Я наогул не ведаю, адкуль у друку з'явіліся такія казачныя сумы, калі поўныя дадзеныя па фінансах ёсць толькі ў мяне. Сёння падлічаныя ўсе нашыя выдаткі на ўдзел у конкурсе, і я магу сказаць, што ў гэтым годзе мы на «Еўрабачанне» выдаткавалі менш за ўсё грошай у параўнанні з мінулымі 10 гадамі. Рыхтавалі і прасоўвалі Ланскую прыватнікі, а прыватнікі не дазволяць сабе траціць грошы марна. Калі кубак каштуе рубель, мы не плацілі два рублі, а плацілі 80 цэнтаў. Мы пайшлі па самым эканомным варыянце, патрацілі на падрыхтоўку Ланской да «Еўрабачання-2013» 265 274 еўра. З якіх на падрыхтоўку і прасоўванне артыста сышло ўсяго 154 844 еўра. І ў промапрадукцыю, праз якую мы перш за ўсё рэкламавалі не саму Алену, а наш канал «Беларусь 1», прадзюсарскі цэнтр Спамаш, беларускія тавары, мы ўключылі толькі прадукцыю беларускіх прадпрыемстваў: курткі , цукеркі, зефір, мармелад - усё наша, айчыннае... І я надзвычай ганаруся, што мы, спонсары, выдаткавалі грошы, каб паказаць беларускі прадукт. Складана сказаць, на Алену мы іх выдаткавалі або на прасоўванне нашых прадпрыемстваў. Я так па-добраму падумаў, што нашы прадпрыемствы яшчэ павінны нам заплаціць, што мы зрабілі ім такі піяр. Гэта апраўдана! Бо калі тэнісістка гуляе, напрыклад, у форме Nike, ёй гэтая кампанія бясплатна прадастаўляе ўсю экіпіроўку. Ну такой, на жаль, у нас практыкі пакуль няма...
- Вы столькі грошай траціце на «Еўрабачанне», можа, і іншыя беларускія бізнесмены захочуць паўдзельнічаць?
- Вельмі складана адказваць за іншых. Хтосьці любіць спорт, хтосьці адукацыю, хтосьці навуку... Вось як у нас у інтэрнэце абмяркоўваюць і дзеляць нашы грошы? Гэта наша справа і права, каму і як імі распарадзіцца. Няхай скажуць дзякуй, што мы ўкладваем грошы ў культуру нашага народа. Гэта наша эстрада і мы хочам, каб мы жылі ў культурнай краіне. Мы дапамагаем дзіцячым дамам, будуем цэрквы, фінансуем Тэатральную нацыянальную прэмію, дапамагаем Калядным сустрэчам у Оперным тэатры, спорту, чым можам. Будзе даход, будзем яшчэ больш дапамагаць.
- А самі спевакі, без спонсараў, могуць у Беларусі грошы зарабіць?
- Могуць, але толькі на бягучае жыццё. У нас жа няма рынку для гэтага. У нас чамусьці перадузята ставяцца да свайго, беларускага - да нашай эстрады, да нашых прадуктаў...
- Можа, проста беларускаму прадукту бракуе якасці…
- Не, нашы тавары часцяком якасней, чым еўрапейскія. Гэта, на жаль, стэрэатып такі - наша = дрэнна. Вось, з'ездзіце ў любую еўрапейскую краіну. Напрыклад, у Германію. Немец будзе ведаць, што баварскае піва лепш піва, вырабленага ў яго рэгіёне. Але ён не купіць таго, іншага піва. Ён будзе піць толькі сваё, таму што, выпіўшы свайго піва, ён падтрымае свайго нацыянальнага вытворцу, гэтыя грошы пойдуць у падаткі і вернуцца яму якімі-небудзь выгодамі. У нас жа філасофія цалкам зваротная. Гэтая бяда беларускай нацыі...
- Алена атрымлівае заробак у цэнтры Спамаш?
- Так, у яе ёсць заработная плата і штомесячная прэмія. Ганарараў няма - усе грошы, якія нашы артысты зарабляюць на канцэртах, пераводзяцца на рахункі Спамаша. Я ніколі не глядзеў у заробак артыстаў, я толькі ім дапамагаю, калі трэба. Выдаткі, якія нясу я, яны нашмат больш, чым на «Еўрабачанні».